Панядзелак, 14 Лістапад 2016 10:35

У салезіянскім араторыі ў Мінску павіншавалі восеньскіх імяніннікаў

Аўтар Анастасія Барысік

13 лістапада ў мінскім араторыі адбылося Свята восеньскіх імяніннікаў для дзяцей і іх бацькоў.

Святкаванне распачалося cвятой Імшой, якую ўзначаліў кс. Аляксандр Мятліцкі SDB. Падчас казання святар разважаў з прыстунымі над тым «Як я магу паказаць сваю любоў да Хрыста, і чаму я гэта раблю?». Асаблівым чынам святар падкрэсліў, што кожны з нас сваім жыццём павінен даваць добры прыклад іншым.

Пасля святой Імшы дзеці і іх бацькі сустрэліся з «восеньскімі прыгажунямі», якія з’яўляліся месяцамі восені і былі вядучымі святочнай праграмы. Яны распавядалі дзецям, хто з іх найважнейшы і прыгажэйшы, але падчас праграмы зразумелі, што адна без другой не могуць абысціся. Дзеці былі падзеленыя на тры каманды у залежнасці ад месяца нараджэння. Праз розныя цікавыя гульні, загадкі і конкурсы дзеці і бацькі змаглі добра правесці час. Асаблівую радасць выклікалі гульнz «Рознакаляровае дрэўца», дзе дзеці маглі маляваць сваімі далонямі, і гульня «Апрані матулю», у якой былі запрошаны тры мамы, а дзеці павінны былі іх прыгожа апрануць. Вясёлы настрой і радасць перапаўнялі залу.

Свята завяршылася малітвай і «слоўкам», падчас якога сястра Валянціна Кот FMA заахвоціла памятаць, што любы чалавек важны ў вачах Бога і ў вачах сваіх бацькоў, што кожны  — гэта вялікі дар для іншага. Бог перамяняе ўсе нашыя маленькія недахопы і нашыя таленты ў штосьці прыгожае ў нашым духоўным жыцці. Пасля «слоўка» ўсе зрабілі агульны фотаздымак і былі запрошаны на салодкі пачастунак.

Фота Анастасіі Субач

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Прымаю аднолькава і пахвалу і вымовы, бо калі мяне хваляць, гавораць, кім павінен быць, а калі мне робяць вымовы, гавораць, кім я ёсць.

Св. Ян Боско