Памяць пра памерлых, гэта наш святы абавязак. У гэтыя дні абуджаецца не толькі наша памяць, але і аб’ядноўваецца род. Звычайна сем’і збіраюцца разам, каб наведаць могілкі. Гэта найлепшы час, каб перадаць памяць аб сваіх продках з пакалення ў пакаленне, расказаць дзецям і ўнукам якімі былі іх дзяды і прадзеды, чым займаліся, як склаўся іх жыццёвы лёс.
Салезіяне з Беларусі таксама наведалі магілы сваіх памерлых сабратоў, ушанаваўшы іх памяць.
Варта нагадаць, што салезіяне прыбылі на тэрыторыю Беларусі ў пачатку XX стагоддзя і працавалі ў складаных умовах вайны і атэізму часта з пагрозай для ўласнага жыцця. Памяць пра іх жыццёвы досвед і пакінутую спадчыну захоўваюць сучасныя паслядоўнікі ксяндза Боско.
На дадзены момант вядома некалькі месц у нашай краіне, дзе пахаваны салезіянскія святары, а менавіта: магіла кс. Я. Такарскага (г. Ракаў), магіла кс. К. Гжэгорчыка (в. Лынтупы, Пастаўскі р-н), магіла кс. Ю. Буяра (г. Ліда, братская магіла забітых падчас вайны святароў Лідчыны на могілках на Слабодцы), магіла кс. Я. Вялькевіча (г. Дзятлава), магіла кс. Л. Віткоўскага і двух каад’ютараў (в. Дварэц, старыя могілкі), магіла кс. У. Вячоркі (братская магіла забітых фашыстамі людзей у г. Глыбокае, Беразвечча).