15 кастрычніка ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (г. Дзятлава) адзначалася вельмі важная для Салезіянскай сям’і падзея - успамін благаслаўлёнай Александрыны Марыі да Коста. Адказнай за арганізацыю свята былі салезіяне супрацоўнікі якія прыналежыць да рэлігійнай каталіцкай місіі святога Францішка Сальскага, да якой належала благаслаўлёная, і пакліканню якіх галоўным чынам і было прысвечана ўсебеларускае салезіянскае свята. У гэты дзень Дзятлава стала цэнтрам салезіянскага жыцця і сабрала каля 300 чалавек з усіх салезіянскіх супольнасцяў Беларусі.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваёй гаміліі біскуп Аляксандр пазнаёміў вернікаў з біяграфіяй бл. Александрыны Марыі да Коста. Іерарх адзначыў, што бл. Александрына з’яўляецца прыкладам святасці, ахвярнасці і сузірання Езуса Хрыста Эўхарыстычнага для ўсёй Салезіянскай сям’і і кожнага хрысціяніна. Благаслаўлёная салезіянка супрацоўніца была гатовая памерці дзеля захавання цноты чысціні, у выніку чаго была спаралізаваная, яна была вялікім містыкам і мела асаблівыя адносіны з Езусам, а таксама сваім жыццём сведчыла, што «Езусам можна і трэба жыць», бо больш 13 гадоў не спажывала ніякай ежы і піцця, акрамя Святой Камуніі. Таксама Яго Эксцэленцыя біскуп Аляксандр звярнуўся да салезіянаў супрацоўнікаў, падкрэсліваючы важнасць паклікання свецкіх у Салезіянскай сям’і і Касцёле, да якога неабходна сур’ёзна ставіцца і развіваць. Іерарх адзначыў, што свецкія людзі павінны быць прыкладам святасці ў свеце, бо «усё астатняе людзям можа даць свет, святасці і духоўнасці свет даць не можа».
Пасля святой Імшы ўсе прысутныя былі запрошаны на святочную праграму «Мы ўсе адна сям’я. Кожны дом — школа Жыцця і Любові!», якая была прысвечана па-першае, гісторыі жыцця благаслаўлёнай Александрыны, а па-другое — дзейнасці салезіянаў супрацоўнікаў у Беларусі. Падчас мерапрыемства праводзіліся гульні, бансы, латарэі, якія дазволілі выйграць каштоўныя прызы. Актыўнымі ўдзельнікамі праграмы з’яўляліся не толькі дзеці і моладзь, але таксама і нашы шаноўныя святары.
Адказны за Салезіянаскую сям’ю Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB на завяршэнне ўрачыстасці выказаў цікавую думку. Ён узгадаў той факт, што бл. Александрына за дзесяць гадоў да смерці прагнула далучыцца да Аб’яднання салезіянаў супрацоўнікаў. Разважанне святара заключалася галоўным чынам у пытанні, навошта чалавеку, з якім Езус размаўляў безпасрэдна, містыку, чалавеку, які дасягнуў таго, да чаго іншыя толькі імкнуцца, далучацца яшчэ да нейкай рэлігійнай арганізацыі. Гэтым падкрэсліваецца асаблівасць паклікання і дарогі да святасці ў Салезіянскай сям’і.
Салезіяне супрацоўнікі і кандыдаты дзякуюць усёй Салезіянскай сям’і, асабліва Рэгіянальнаму настаяцелю ксяндзу Віктару Гайдукевічу SDB, за дапамогу ў арганізацыі ўрачыстасці. Таксама словы ўдзячнасці скіраваны Яго Эксцэленцыі біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB за супольную маліту, пастырскі клопат і настаўленне. А перад усім дзякуем Богу за дар благаслаўлёнай Александрыны і салезіянскага паклікання.