Усяго ў Турніры прыняло ўдзел 16 каманд з розных куткоў Беларусі: Гродна, Маладзечна, Слонім, Паставы, Мінск, Ліда, Дзярэчын і іншыя гарады і вёскі. 17 верасня з самага ранку каманды прыехалі да касцёлу Беззаганнага Зачацця Насвяцейшай Панны Марыі, дзе мерапрыемства распачалося Св. Імшой. Пасля былі высветленыя арганізацыйныя пытанні і каманды выехалі непасрэдна на месца падзеі - стадыён ОАО «Газпром трансгаз Беларусь».
У першай палове дня адбываліся гульні групавой стадыі, дзе Салезіянская каманда здолела заняць першае месца. У напружанай барацьбе былі пераможаныя каманды "Докшыцы" і "Сапоцкін", а фіналістам мінулагодняга турніру "Гродна-Дзевятоўка" Салезіяне згулялі ў дзейсную нічыю 2:2.
Пасля быў перапынак на смачны абед, а ўжо падсілкаваўшыся, каманды распачалі гульні стадыі Плэй-офф. Там ФК "Савіо" здолела перамагчы моцную каманду "Гродна-аўгустовак" і прайсці ў Паўфінал. У ім у напружанай барацьбе перамог будучы чэмпіён "Маладзечна", а Салезіяне пасля паразы трапілі ў "суцяшальны фінал" за 3-месца. У гэтым цяжкім матчы супраць каманды з Ліды вынікам стала нічыя 2-2 і лёс Бронзавых медалёў высвятляла серыя пенальці. У ёй Салезіяне атрымалі перамогу і такім чынам занялі 3 месца!
Выказваем вялікую ўдзячнасць арганізатарам спаборніцтваў і асабіста кс. Артуру Малафею і галоўнаму спонсару турніру Баляславу Івашка («Віботорг»)! Спадзяёмся, што ў наступным годзе 2 каманды Салезіянаў са Смаргоні і Мінска здолеюць палепшыць вынік і атрымаць запаветны Кубак Яна Паўла II!