Нядзеля, 14 Жнівень 2016 23:16

Панаўленне шлюбаў 3 маладых сабратоў Салезіянаў

Аўтар

У нядзелю 14 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Барунскай трое маладых семінарыста з салезіянскай сям’і панавілі свае манаскія абяцанні Чысціні, Паслухмянасці і Убоства.

Вёску Баруны ў гэты дзень наведалі сёстры салезіянкі, салезіянская моладзь, мясцовыя жыхары і людзі з навакольных вёсак, каб разам перажыць такі радасны момант. Падтрымаць сваіх маладых сабратоў прыбылі таксама і святары салезіяне, на чале з рэгіянальным настаяцелем ксяндзом Віктарам Гайдукевічам SDB.

Яшчэ адной адметнай асаблівасцю дадзенага свята было тое, што новапрэзбітэр ксёндз Алег Каралёў SDB цэлебраваў у Барунах сваю прыміцыйную святую Імшу. Сімвалічнасць дадзенага моманту ў сваёй гаміліі падкрэсліў і ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Ён адзначыў, што прысутныя маюць магчымасць бачыць пачатак новага этапу ў падрыхтоўцы да сакраманту святарства ў абліччы семінарыстаў, і таксама бачыць дасягненне гэтай мэты ў абліччы ксяндза Алега. Ксёндз дэлегат выказаў вялікую радасць ад жадання маладых людзей прысвяціць сваё жыццё Богу, але асноўныя словы братэрскага настаўлення ён скіраваў да свайго маладога сабрата, ксяндза Алега Каралёва SDB. Асноўваючыся на прыкладах святых і на выказваннях святога Тамаша Аквінскага і святога Яна Марыя Віянэя, ксёндз Віктар падкрэсліў вялікую годнасць святарства. Святар з’яўляецца Божым намеснікам на зямлі. Праз святарскія рукі ўдзяляюцца сакраманты, праз святарскія рукі Бог спаўняе сваю волю. Са свайго ўласнага досведу ксёндз Віктар адзначыў, што вартасць святарства распазнаецца не падчас вялікіх акцый і мерапрыемстваў, але ў штодзённасці, каля алтара і ў канфесіянале.

Дэлегат пажадаў ксяндзу Алегу стаць святым святаром, а маладым сабратам трываласці на выбраным шляху.

Пасля святой Імшы ксёндз пробашч Люцыян Дамброўскі SDB запрасіў усіх прысутных падсілкавацца на пляцы каля касцёла, дзе адбыўся працяг святочнай праграмы падрыхтаваны моладдзю.

Маладыя людзі: Юрый Пашкавец SDB, Марк Найдзіч SDB, Міхаіл Радзевіч SDB, сказалі Богу сваё чарговае “ТАК”, наперадзе іх чакае яшчэ доўгі шлях фармацыі, шмат выпрабаванняў і сумненняў, але, спадзяёмся, што дзякуючы добраму Богу і малітвам людзей, калісці мы будзем мець радасць паўдзельнічаць і ў іх прыміцыйных святых Імшах!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Езус, скрыты ў Эўхарыстыі, з’яўляецца, і павінен быць адзіным і сапраўдным нашым сябрам.

Св. Ян Боско