Новаму біскупу нададзена Пантыфікам тытулярная біскупская кафедра Furnоs maior, ён скіраваны на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі.
Галоўным пасвячаючым быў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, асістуючымі біскупамі – Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Тое, што Апостальскі Нунцый удзяліў гэтае пасвячэнне, у Год кансэкраванага жыцця падкрэслівае асаблівую лучнасць, якая існуе паміж законнікамі і законніцамі з Беларусі, да якіх належыць новапрызначаны біскуп, з асобай і паслугай Рымскага Пантыфіка. Гэтая падзея з’яўляецца кульмінацыйным момантам святкавання Года кансэкраванага жыцця і асаблівым чынам выражае падзяку Касцёла за прысутнасць і працу кансэкраваных асобаў у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі.
На пачатку Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, сказаў: «Сёння вялікі дзень. Мы дзякуем Богу і Святому Айцу, які добра бачыць патрэбы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і за апошні час павялічыў колькасць беларускіх біскупаў у два разы». Арцыпастыр падзякаваў таксама бацькам новапрызначанага біскупа, салезіянскай супольнасці, да якой ён належыць. Мітрапаліт папрасіў усіх прысутных маліцца за новага іерарха, які «ўзяты з людзей і пастаўлены для людзей», а таксама маліцца аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.
Абрад пасвячэння пачаўся Гімнам да Духа Святога. Затым прадстаўнік прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Юрый Быкаў звярнуўся да Апостальскага Нунцыя з просьбай удзяліць біскупу намінату пасвячэнне. Была прачытана намінацыйная була Святога Айца.
«Дзеці заўсёды павінны мець магчымасць доступу да свайго айца»
Апостальскі Нунцый звярнуўся да прысутных з гаміліяй. «Мы вельмі рады ад імя Святога Айца зрабіць гэты падарунак вашаму Касцёлу, такому хвалебнаму, які так шмат пацярпеў», — сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.
Прадстаўнік Папы дадаў, што, «калі мы прасілі аб прызначэнні новага біскупа ў Беларусі, то не для таго, каб спаборнічаць з іншымі Касцёламі»: «гэта неабходнасць душпастырскай апекі», «дзеці заўсёды павінны мець магчымасць доступу да свайго айца». Апостальскі Нунцый звярнуў увагу таксама, што «значэнне біскупскага служэння — не гонар, не ўзвелічэнне, не высокая грамадская пасада».
Па словах арцыбіскупа, вельмі важна, што ў лік новых беларускіх біскупаў уваходзіць законнік. Прадстаўнік Папы падзякаваў салезіянам, да якіх належыць новапрызначаны іерарх, ад імя біскупаў, святароў і ўсяго Касцёла. «Калі моладзь гэтай зямлі змагла адчуць позірк Нябеснага Айца, які Ён скіроўвае ёй проста ў вочы, — гэта менавіта дзякуючы вашаму служэнню», — сказаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да салезіянаў.
Арцыбіскуп звярнуўся і да сям’і новапрызначанага біскупа, адзначыўшы: «Вы з’яўляецеся ўвасабленнем здаровых каранёў гэтага народа. Калі карані здаровыя, гэтая жыццёвая сіла перадаецца таксама вашым дзецям. Вы вырасцілі вашага сына ў атмасферы любові і далікатнасці». «Сёння вялікая сям’я Касцёла дзякуе гэтай маленькай сям’і», — дадаў іерарх.
«Каб зямля Магілёўшчыны зноў расцвіла ў імя Хрыста»
Кажучы пра біскупа наміната, Апостальскі Нунцый падкрэсліў: «Каб абудзіць людзей з духоўнай спячкі, патрэбны менавіта гэты чалавек». Па словах прадстаўніка Папы, «неабходна, каб зямля Магілёўшчыны зноў расцвіла ў імя Хрыста, каб адчуваўся Хрыстовы водар, каб людзі пайшлі за гэтым водарам».
«Сёння свята Касцёла, — заўважыў арцыбіскуп. — Бог любіць нас настолькі моцна, што дае гэты знак — знак прысутнасці біскупа сярод свайго народа».
«Гэты народ павінен адчуць суцяшэнне»
Звяртаючыся да біскупа наміната, Апостальскі Нунцый заклікаў яго: «Ніколі не кажы гэтаму народу, што трэба ўвесь час пакутваць». «Гэты народ павінен адчуць суцяшэнне, і толькі Бог можа суцешыць, бо Ён адзіны можа аддаць сябе да канца», — дадаў арцыбіскуп.
«Той канкрэтны чалавек, які пастукаецца ў твае дзверы або да каго пастукаешся ты, з’яўляецца Святым Касцёлам Божым, — сказаў Апостальскі Нунцый біскупу намінату. — Мы, біскупы, павінны заўсёды прысутнічаць сярод свайго народа, каб весці гэтую Божую нявесту да свайго Жаніха — Хрыста».
Потым біскуп намінат адказаў на пытанні, якія задаў галоўны пасвячаючы, такім чынам выказаўшы згоду выконваць біскупскія абавязкі. Усе прысутныя памаліліся Літаніяй да Усіх Святых. Затым адбылося ўскладанне рук і малітва пасвячэння. Апостальскі Нунцый і ўсе біскупы па чарзе ўсклалі рукі на галаву выбранага ў знак яго далучэння да Калегіі Біскупаў. Змест малітвы пасвячэння праслаўляе біскупа як пастыра. Пасля гэтых абрадаў, калі выбраны ўжо з’яўляецца біскупам, галоўны пасвячаючы намасціў яго чало, што нагадвае аб містычным намашчэнні Духам Святым і дае плённасць біскупскаму служэнню.
Новаму іерарху былі ўручаны кніга Евангелля, што нагадвае аб галоўным заданні кожнага біскупа – абвяшчэнні Добрай Навіны, і біскупскія знакі — персцень, мітра і пастарал. Персцень – знак вернасці і напамін біскупу ахоўваць Божую абранніцу – Святы Касцёл. Мітра сімвалізуе святасць, якой біскуп павінен адзначацца сярод людзей. Пастарал – сімвал пастырскай улады і адначасова напамін біскупу, што ён не валадар аўчарні, але яе правадыр на шляху да збаўлення. Абрад пасвячэння завяршыўся пацалункам супакою, які ўдзялілі пасвячанаму ўсе прысутныя біскупы.
Новага біскупа суправаджалі да алтара падчас пасвячэння дэкан Магілёўскі і пробашч катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве ксёндз Юрый Быкаў і ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB.
Варта адзначыць таксама, што пасвячэнне адбылося ў юбілейны год 200-годдзя з дня нараджэння святога Яна Боско.
«Святы Айцец даверыў табе вялiкую i адказную мiсiю»
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у слове пасля пасвячэння новага біскупа сказаў: «Шчыра вiншую цябе, біскуп Аляксандр. Ты становiшся членам Канферэнцыi Бiскупаў i маiм, разам з бiскупам Юрыем Касабуцкiм, найблiжэйшым супрацоўнiкам у Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii». Мітрапаліт коратка нагадаў таксама гісторыю славутай Магiлёўскай Мiтраполii, якая сваiм абсягам абдымала тэрыторыi ад Балтыйскага мора па Далёкi Усход.
Іерарх дадаў, што сёння пастырская сітуацыя патрабуе пастаяннай прысутнасці біскупа ў Магілёве, для чаго Папа і прызначыў яшчэ аднаго дапаможнага біскупа для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з рэзідэнцыяй у Магілёве. «Бiскуп Аляксандр, Святы Айцец Францiшак даверыў табе вялiкую i адказную мiсiю - адраджэнне былой славы Каталiцкага Касцёла на скажонай як фізічным, так і духоўным Чарнобылем зямлі i яго далейшае развiццё. Упэўнены, што твой пастырскi досвед, арганiзатарскiя здольнасцi, духоўны i iнтэлектуальны патэнцыял, а таксама б'ючая ключом энергiя дапамогуць у выкананнi гэтай мiсii, каб рэалізавалiся словы дэвізу твайго бiскупскага служэння: “Cui Deus est, omnia sunt” – “У кiм ёсць Бог, у таго ёсць усё”», — сказаў Мітрапаліт, звяртаючыся да новага біскупа.
«Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага»
Біскуп Аляксандр Яшэўскі ў сваім слове падзякі сказаў: «Дзякую Табе, Пане, за тое, што працягваеш выбіраць, клікаць і пасылаць на служэнне свайго сына. Таямніца паклікання, асабліва апостальскага паклікання, — гэта Твая свабодная ініцыятыва і Твой знак бясконцай любові да чалавека, бо яго лёс Табе, Пане, не абыякавы».
«У мяне ёсць толькі адно жаданне: каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы. Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Адна смага: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога. Таму сёння з усім Касцёлам у яго Мінска-Магілёўскай частцы прашу дапамагчы мне жыць і служыць для гэтага, і толькі для гэтага», — дадаў біскуп.
Паводле: catholic.by