Нядзеля, 15 Лістапад 2015 22:30

Сустрэча для хлопцаў на тэму паклікання адбылася ў Жупранах

Аўтар Міхаіл Вішнеўскі

14-15 лiстапада ў в. Жупраны (Гродзенская дыяцэзiя) ксяндзы салезіяне арагнізавалі сустрэчу для хлопцаў, якiя адчуваюць святарскае альбо законнае паклiканне. Яе ўдзельнікамі былі маладыя людзі з Мiнску, Смаргонi, Бараўлянаў i Жупранаў – усяго каля 20 чалавек.Cустрэча распачалася супольнай малітвай, каб запрасіць Бога ў разважанні над сваім жыццёвым шляхам і даверыць Яму гэты выбар. Добрым спосабам пазнаёміцца бліжэй і паназіраць за паводзінамі чалавека з’яўляецца гульня. Таму арганізатары выкарысталі гэты метад, каб даць магчымасць хлопцам стаць больш адкрытымі.

Пасля ўводзінаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB прамовіў для сабраных канферэнцыю аб святарскім пакліканні. Тэма канферэнцыі “Слабасць + пакора = сіла!”, дапамагла хлопцам зразумець, што слабасць чалавека не перашкаджае пакліканню, але становіцца вялікай сілай, калі яе ў пакоры даверыць Богу. У супрацоўніцтве з Творцам слабы можа ўзрастаць і чыніць вялікія справы. Кс. Павел падкрэсліў,  што святары ўзяты з народа i для народа. І яны з усiмi сваiмi слабасцямi могуць стаць алоўкамi, якiя Бог трымае ў руках i пiша імі сваю гiсторыю. З адным такім Божых алоўкам маладыя людзі пазнаёміліся пад час прагляду камедыйнага мастацкага фільму «Дон Камiлло». Пазней на  дыскусіі яны прыйшлі да высновы, што найважнейшая рыса добрага пастыра – гэта любоў да Бога. З гэтай любові нараджаецца і пакора, і ахвярнасць, і жаданне служыць.

Дзень скончыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. У прысутнасці Пана юнакі мелі магчымасць абмеркаваць свой жыццёвы шлях сам на сам з Ім.

Другі дзень быў засяроджаны на разважаннях аб пакліканні да святарскага служэння ў харызме кс. Боско. Пасля літургіі гадзінаў і снядання, хлопцы паслухалі канферэнцыю кс. Івана Огара SDB “Адметнасць салезіянскага паклікання”. На прыкладзе асобы св. Яна Боско і кангрэгаціі, якую ён заснаваў, кс. Іван распавёў пра шлях да святасці ў салезіянскай харызме. Хлопцы даведаліся аб яе характэрыстыках і адрозненнях ад іншых.

Скончылася ўсё св. Імшой і падвядзеннем вынікаў. Арганізатары адзначылі, што бачаць вялікую карысць і пазітыўны плён такіх акцый. Асаблівым чынам святары падкрэслілі клімат даверу і дзялення. Па назіранням салезіянаў, маладыя людзі пачынаюць адкрывацца і размаўляць, дзяліцца адзін з адным і са святарамі сваімі перажываннямі, задаваць пытанні. Так ідзе працэс узаемаўзбагачэння і ўзаемападтрымкі. Сеецца зерне, плён з якога вядомы Богу.

Сустрэчы для разважання над пакліканнем да святарскага альбо законнага жыцця для хлопцаў салезіяне арганізуюць чатыры разы на год. Такім чынам арганізатары могуць на працягу года суправаджаць і падтрымліваць маладых людзей, якія адчуваюць пакліканне. Тры 2-ухдзённыя акцыі праходзяць на працягу навучальнага года, чацвёртая – вакацыйная – летам. Летняя сустрэча працягвацца каля 2-ух тыдняў, на ёй падводзяцца вынікі года і плануецца будучы год. Мэтай сустрэч з’яўляецца дапамога у вызначэнні крытэрыяў паклікання, ачышчэнне інтэнцыі, адказ на пытанні маладых людзей, дапамога ў падрыхтоўцы да выбранага шляху.

Наступная такая сустрэча пройдзе 20-21 лютага 2016 года ў г. Смаргонь. На яе запрошаны хлопцы, якія задумваюцца над святарскім альбо законным пакліканнем, асабліва салезіянскім. Узрост удзельнікаў ад 15 гадоў і вышэй.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца да адказнага за Прэнавіцыят "Таварыства св. Францішка Сальскага" у Беларусі кс. Івана Огара SDB па тэл.: +375(29) 691 02 22

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Ва ўсіх кутках свету любы можа збавіцца, калі жыве як сапраўдны хрысціянін.

Св. Ян Боско