Акрамя смаргонскіх парафій св. Міхала Арханёла і св. Яна Паўла II у фестывалі таксама прымалі ўдзел дзеці з парафіі Маці Божай Успамогі з Бараўлян. Смаргонская “Цэцыліяда” з кожным годам прыцягвае ўсё больш творчых людзей, для якіх фестываль становіцца добрай магчымасцю знайсці новых сяброў, узбагаціць сваё жыццё, але, перш за ўсё, - праславіць нябеснага Айца і падзякаваць Яму за атрыманыя таленты. Стала вельмі прыгожай традыцыяй, што на Свята музыкі і спеву з радасцю заўсёды адгукаюцца розныя гурты і школы. Сёлета ў V-тым фестывалі прымалі ўдзел дзіцячы ансамбль танца “Мішуткі”, вучні Музычнай школы імя Кл. Агінскага і Дзіцячай Школы Мастацтва г. Смаргоні.
“Музыка жыцця! Мая сям’я!” – пад такой тэмай прайшла “Цэцыліада 2015”. Сям’я заўсёды была ў цэнтры ўвагі Касцёла. І гэта не дзіўна, таму што сям’я – гэта няпростае вынаходніцтва чалавека, сямейнае жыццё было ўстаноўлена і асвечана Богам. У цяперашні час вельмі часта даводзіцца бачыць і адчуваць раздзяленне пакаленняў, раздзяленне бацькоў і дзяцей, раздзяленне мужа і жонкі… Але на “Цэцыліядзе” было не так. На фестываль не толькі гледачы, але і артысты прыходзілі цэлымі сем’ямі.
Першая частка – выступленне малодшай групы – распачалася велічным спевам дзіцячага хору парафіі св. Міхала Арханёла пад кіраўніцтвам с. Веранікі Блізнюк, FMA. Затым гледачам была прапанавана тэатральная пастаноўка “Для чаго нараджаюцца дзеці” ў выкананні наймалодшых удзельнікаў араторыя. Вельмі разнастайныя нумары былі падрыхтаваны ўдзельнікамі: розныя спевы, ігра на скрыпцы, цымбалах, гітары, танцавальныя нумары. А падчас выканання жартоўнага бансу “Мішка” разам з удзельнікамі Савіо-клуба танцавалі і гледачы. “Музыка – гэта мова анёлаў” – так кажуць людзі, і няма як спрачацца: ад дзіўных дзіцячых галасоў станавіліся чысцейшымі і душы, і сэрцы, і розум.”
Другая частка – выступленне старэйшай групы – была адкрыта сямейным танцам маладой сям’і Рогач. І зноў жа здзіўляе і радуе разнастайнасць нумароў – гэта і ігра на баяне, на скрыпцы, на фортэп’яно, на гітары, танцавальныя нумары, тэатральныя пастаноўкі. Усе нумары чаргаваліся з глыбокімі разважаннямі вядучых, якія дапамагалі задумацца над каштоўнасцю сям’і ў сучасным свеце.
Бог, сям’я, музыка, жыццё…Высветлілася, што ўсё гэта вельмі цесна звязана паміж сабой. Мяняецца час, мяняюцца пакаленні, мяняюцца захапленні. Бацькі цалкам не падзяляюць захпленні дзяцей, дзеці не зусім згодныя з бацькамі, але, калі душы людзей набліжаюцца да Пана Бога, яны становяцца бліжэй і адна да адной. Тады розніцы характараў, узростаў, густаў выроўніваюцца. Родныя людзі становяцца па-сапраўднаму блізкімі, такімі, якія заўсёды гатовы дапамагчы, падтрымаць, пайсці разам да святасці.