Турнір па мікра – футболе “Кубак Дона Боско №5”, які праводзіцца ў араторыі імя Святога Яна Боско, у гэтым годзе даволі адметны, і не толькі з-за таго, што гэта юбілейны пяты турнір, але і таму, што да звыклай малітвы перад гульнёй далучылася таксама і невялікае слоўка па распрацаваных загадзя тэмах. Гэта надало турніру фармат футбольных рэкалекцый, пад час якіх хлопцы не толькі гуляюць у футбол, але і знаёмяцца з каталіцкай верай і салезіянскай харызмай! За кожны гульнявы дзень ёсць адказны, які сочыць за тым, каб ўсё шло належным чынам, у свой час пачыналіся гульні, былі ўсе неабходныя для матчаў рэчы, праводзіць малітву і кажа слоўкі.
Першы тыдзень #КДБ5 ужо за плячыма, турнір набраў хуткасць, каманды ўжо могуць разважаць пра свае турнірныя перспектывы, але давайце пра ўсё па парадку.
Распачаўся #КДБ5 29.11.2015, у нядзелю, падчас Імшы ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў і арганізатараў турніру, а першым гульнявым днём стаў аўторак, 01.12.2015. Матч адкрыцця не расчараваў тых, хто пыйшоў на яго паглядзець, дэбютант турніру каманда “Giallorossi Minsk” у вельмі напружаннай барадзбе вырвала валявую перамогу ў каманды “Вінегрэт” з лікам 5 – 4. “Залатая моладзь” саступіла волату з лікам 6-3, а “Мірыэль” атрымаў перамогу над “FC Casual” з лікам 6-2, каманда “Таты”, негледзячы на бамбардзірскія поспехі Уладзіміра Плахотнікава, які аформіў покер, саступіла “Феніксу” з лікам 6-4. Адказнай за першы гульнявы дзень была салезіянка супрацоўніца Алена Аўласевіч, а тэма дня была наступнай: "Ці цаню я сваё жыццё? Чым для мяне з’яўляецца маё жыццё? Як часта мы задумваемся над гэтымі пытаннямі? Ці ставім мы іх перад сабою?".
Жыццё як дар. Пакліканне да жыцця – дар жыцця. Ніхто з нас сам сабе не выбіраў сваё жыццё. Ніхто сам сабе не выбіраў бацькоў, родных; краіну, у якой хацелася б нарадзіцца; колер скуры, мову, таленты… Нехта іншы жадаў, каб мы нарадзіліся. Гэта нашыя бацькі. І Бог адказаў на іх жаданне. Яны мелі толькі частковы ўплыў на многія рэчы ў нашым жыцці, як напрыклад, на характар або здольнасці, якія дапамагалі нам распазнаць і развіваць. І цяпер мы такія, а не іншыя. Я пакліканы да жыцця праз кагосьці іншага. Мяне паклікаў БОГ. Жыццё, якое я атрымаў, – гэта плод любові. І гэта цудоўная навіна: я жаданы, а гэта значыць любімы! Таму хачу жыць. Жыццё – гэта першы дар, які мы атрымалі. Дар, які я атрымаў не за свае заслугі, а таму, што мяне нехта палюбіў і захацеў падзяліцца са мной сваім шчасцем. Таму жыццё можа быць прыгожым. Я магу падзяліцца з іншымі сваім шчасцем, сваім дарам – жыццём. А думка дня ад Ксяндза Боско гучала так: “Каб нашыя ўчынкі былі добрыя, трэба мець трошкі адвагі, цярпліва пераносіць усе нястачы, ніколі нікога не крыўдзіць і заўсёды любіць.” (Св. Ян Боско).
У праграмме другога гульнявога дня таксама было чатыры гульні. Вельмі балюча “Залатая Моладзь” саступіла Вінігрэту, з лікам 9-1. “FC Convorto” гулялі з камандай “Пякучыя смоўжы”, а “Волат” - з “Giallorossi Minsk” абедзве гульні былі вельмі напружаныя і скончыліся з аднолькавым лікам 3-3, апошнімі гулялі “Рок-н-рольщікі” і “FC Casual”, у гэтым матчы з лікам 5-1 перамогу святкавалі “Рок-н-рольщікі”.
Адказным за гэты дзень быў салезіянін супрацоўнік Віталь Скваркоўскі, а тэма дня гучала так: "Жыццё як заданне: або якія я таленты магу памнажаць у сваім жыці". Думка ад Ксяндза Боско на гэты дзень гучала так: “Мне дастаткова таго, што вы маладыя, каб я Вас паважаў”.
Праграма трэцяга гульнявога дня, 03.12.2015, была меньш насычанай (усяго 2 гульні), але не меньш цікавай, бо ў барацьбу ўступаў двухразовы ўладальнік Кубка Дона Боско “ФК Савіо”, сапернікамі выступілі дыбютанты турніру “Фенікс”, “Савіо” у вельмі няпростай барадзьбе атрымілі перамогу з лікам 2-1. У другім матчы дзейніючыя ўладальнікі кубка “АнК Кідс” упэўнена перамаглі дастаткова моцную каманду “Рок-н-рольщікі” з лікам 8:3, падцвердзіўшы тым самым статус фаварытаў турніру.
Адказным за гэты дзень быў салезіянін супрацоўнік Алесь Перадкоў, а тэма гучала так: "Акуль узялося ўсё тое, што існуе? З чаго пачаўся наш сусвет?"
Пытанне, якое турбавала чалавецтва з самага пачатку і да сённяшніх дзен. І на гэтае складанае пытанне не можа быть простага адказу. Ёсць тэорыя, згодна з якой, пачаткам усяго існуючага быў вялікі выбух. Але, ці мог ён быць выпадковым? Ці няўжо мы людзі існуем толькі дзеля выпадковага вялікага выбуху, і вялікага збегу абставінаў. Сам па сабе можа ўзнікнуць толькі хаос.
Напраклад, каб навесці парадак у сваім жыцці, ці нават проста ў сваім у пакоі, неабходны свядомы высілак і добрая воля, не гаворачы ўжо пра такое ўпарадкаванне свету! Ці не можа Стварыцель быць пачаткам стварэння?
Вялікі парадак у Сусвеце і прыгажосць паходзяць ад Стварыцеля. Гэта ЁН так цудоўна ўсё стварыў!
Дастаткова папросту поглядзець на прыгажосць навакольнага свету, надвор'е, жывёльны свет. Створаны свет кажа пра Стварыцеля. “Бо па велічы і прыгажосці стварэнняў пазнаецца праз падабенства іх Стварыцель” (пар. Мдр 13, 5). У гэтай тэме Ксёндз Боско падтрымлівае нас праз такую думку: “Не шукай апраўдання сваім недахопам. Лепш шукай нагоды, пры дапамозе якіх ты змог бы іх пазбавіцца.” (Св. Ян Боско).
Чацвёрты гульнявы дзень праходзіў у субботу, 05.12.2015, і меў у сваім раскладзе таксама две гульні. Неверагодным па сваім сюжэце атрымалася гульня паміж “Арламі” і “FC Convorto”. Прайграючы 4-1, мінулагоднія фіналісты змаглі здабыць перамогу, выніковы лік 4-5 на карысць “FC Convorto”. У наступнай гульні каманда “Таты”, нажаль, амаль страціла надзею на працяг барацьбы за Кубак, прайграўшы “FC Gloria” з лікам 3-6.
Адказным за апошні на гэтым тыдні гульнявы дзень быў салезіянін супрацоўнік Уладзіслаў Зарэцкі, а тэма дня гучала так: "Свет вакол мяне гэта толькі матэрыя? Ці яшчэ нешта? Ці існуе ў свеце штосьці акрамя таго, што бачнае для вачэй?".
Я жадаю глядзець на свет вачыма сэрца. Хачу бачыць больш, чым бачаць мае вочы! І адразу ўзікае пытанне, а ці існуе нешта, што можна не ўбачыць вачыма? Напрыклад, мае думкі, іх ніхто не бачыць, але яны існуюць. Мае пачуцці, ніхто іх не бачыць вачыма, але я іх адчуваю, я кахаю, хвалююся, радуюся перамозе на футбольным поле, перажываю з-за паразы, не толькі знешне, але і ў сваім сэрцы. А калі існуюць такія рэчы, якія мы ня бачым, інтэлект, пачуцці, мудрасць, то магчыма існуе і духоўны свет? Калі я не бачыў Бога, то я не магу сказаць, што Яго няма, і ніхто не можа гэтага сказаць толькі таму, што мы не бачым Бога пачуццём зроку! Бога трэба ўбачыць вачыма сэрца, я жадаю бачыць Бога ў сваім жыцці і бачыць Яго вычыма веры. І жывучы ў сваім асяродзі, выконваючы свае штодзенныя абавязкі, я стараюся памятаць пра Бога і пра дар вечнага жыцця! Святы Ксёндз Боска на гэтую тэму пакінуў нам вельмі слушную параду: “Патрэбна часам прыкрыць свае вочы і вушы на рэчы, які развесяляюць і задавальняюць цела. Яно павінна больш падпарадкавацца духу, каб магло лепш служыць на Хвалу Пана. Каб ніколі не сталася так, што цела пануе над душой.”(Св. Ян Боско).
Уладзіслаў Зарэцкі ASC, Алесь Перадкоў ASC