Салезіянская сям’я ў Смаргоні (святары, сёстры, супрацоўнікі і аніматары) ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі сабразался разам каб узнесці свае малітвы да Марыі, Маці Бога, распачаць разам з усім Каталіцкім Касцёлам Год Міласэрнасці і адсвяткаваць дзень нараджэння Араторыя.
Сустрэча распачалася святой імшой. Пад час навукі, якую прамовіў кс. Павел Шчарбіцкі SDB, разважалі аб чыстым, поўным ласкі і радасці сэрцы Марыі, аб яе гатоўнасці на заклік Бога. Мы, гэтак як і Марыя, павінны заўсёды быць гатовыя да закліку Бога, павінны быць радаснымі і адкрытымі на бліжняга ў сваім жыцці, і гэта асабліва актуальна і важна ў распачаты год Міласэрнасці. Закончылася ўрачыстая святая імша Благаслаўленнем праз заступніцтва Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якое ўдзяліў прысутным дырэктар салезіянскай супольнасці кс. Алег Жураўскі SDB.
Пасля імшы правялі супольную малітву Літургіі гадзінаў, а на прыканцы малітвы кс. Алег Жураўскі SDB распавёў традыцыйнае для салезіянскай сям’і слоўка на дабранач. Праз слоўка кс. Алег ізноў праслаўляў Найсвяцейшую Панну Марыю, шчыра падзякваў усім суполкам, што сабраліся разам на вячэрнюю сустрэчу і ўспомніў, як адзінаццаць год назад у Смаргоні адкрыў свае дзверы салезіянскі Араторый.
Працяг сустрэчы адбыўся менавіта ў Араторыі за кубкам гарбаты. Пелі песні ў гонар Марыі і Дона Боска, успомнілі праз які спосаб быў адкрыты самы першы араторый 8 снежня 1841 г. святым Янам Боска, пагулялі ў гульні, якія прапанавала для ўсіх прысутных суполак сястра Ірына Барцэвіч FMA, паласваліся салодкімі пачастункамі.
Аніматары і святары падрыхтавалі сюрпрызы. Сюрпрызам аніматараў стаў смачны торт са свечкамі і гульнёй у моладзевым духу. Святары падрыхтавалі святочны фейерверк на вуліцы!
Разыходзіліся з узнёслым і радасным настроем, з падзякай Пану Богу за сустрэчу і памятаючы словы святого Дона Боска “Д’ябал баіцца радасных людзей”.
Ларыса Валынец, салезіянка супрацоўніца