Серада, 12 Люты 2025 11:31

Дзень салезіянскай духоўнасці прайшоў у Мінску

Аўтар

8 лютага ў салезіянскай парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску адбыўся Дзень салезіянскай духоўнасці — асаблівы час супольнай малітвы, разважанняў і братэрскага яднання. На сустрэчу былі запрошаны ўсе галіны салезіянскай сям’і, якія нясуць служэнне ў Беларусі, а таксама аніматары.

8 лютага ў салезіянскай парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску адбыўся Дзень салезіянскай духоўнасці — асаблівы час супольнай малітвы, разважанняў і братэрскага яднання. На сустрэчу былі запрошаны ўсе галіны салезіянскай сям’і, якія нясуць служэнне ў Беларусі, а таксама аніматары.

 

Сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель Салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У сваім казанні ён засяродзіў увагу на важнасці духоўнай роўнавагі: паміж актыўным служэннем і ўменнем знаходзіць час на адпачынак, малітву і самаўсведамленне.

 

“Першае, што Хрыстус кажа нашай сям’і, — гэта заклік да адпачынку. Мы часта працуем без стомы, забываючыся на тое, што сэрца, якое не мае супакою, губляе полымя любові. Калі мы не вучымся спыняцца і аналізаваць сваё жыццё, нас ахопліваюць стомленасць, нежаданне рухацца наперад, расчараванне. Слова Божае нагадвае нам пра тры рэчы: дабрачыннасць, еднасць і паслухмянасць. Менавіта гэтымі якасцямі прасякнута жыццё ксяндза Боско: ён рабіў дабро ў еднасці са сваімі сябрамі і выхаваўцамі. І, нарэшце, мы павінны ўсвядоміць, што сапраўдны салезіянін — гэта той, хто выхоўвае іншых з радасцю. Калі мы служым з нараканнямі і стогнамі, мы не здольныя перадаць любоў. Таму зычу вам усім плённага дня, напоўненага надзеяй і радасцю!”

 

Пасля супольнай Эўхарыстыі ўдзельнікі сустрэчы сабраліся ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі, дзе разважалі над дэвізам Генеральнага настаяцеля Салезіянскага таварыства ксяндза Стэфана Мартолья SDB на 2024 год: “Замацаваныя ў надзеі, пілігрымы разам з моладдзю”. Беларускія салезіяне, далучаючыся да сусветнай салезіянскай сям’і, сёлета асабліва разважаюць над тэмай надзеі і шукаюць, як яна можа надаць новыя сэнсы душпастырскай і выхаваўчай дзейнасці.

 

Спачатку ўдзельнікі паглядзелі відэаролік з перакладам дэвізу на беларускую мову, пасля чаго ўсе разышліся па групах, каб паглыбіць сваё разуменне паслання. Дзесяць каманд атрымалі па трыццаць хвілін на падрыхтоўку і творчае прадстаўленне сваёй часткі каментара. Выступленні атрымаліся разнастайнымі: інсцэніроўкі, спевы, вершы, казкі і плакаты зрабілі разважанні глыбокімі, цікавымі і жывымі.

 

Аспект надзеі, які знайшоў асаблівае адлюстраванне ў дыскусіях, — гэта экалагічная свядомасць. Ахова навакольнага асяроддзя ўжо некалькі гадоў з’яўляецца важнай тэмай у салезіянскай душпастырскай працы, і гэтая сустрэча таксама не стала выключэннем.

 

Дзень скончыўся традыцыйным салезіянскім слоўкам на добрую ноч. Ксёндз Павел падсумаваў галоўныя думкі, якія прагучалі на сустрэчы, і падкрэсліў, што надзея дазваляе нам смела глядзець у будучыню, на нашыя дамы, араторыі і супольнасці. Надзея — гэта не мара пра нешта недасягальнае, а гатоўнасць прыкладаць намаганні, каб зрабіць правільны крок. Той, хто мае надзею, — цярплівы чалавек, які з любоўю адносіцца і да сябе, і да іншых.

 

“Няхай надзея, якой мы сёння напоўніліся, вядзе нас у нашай працы, у нашых сем’ях і супольнасцях. Нясіце гэтую атмасферу, гэтыя думкі і разважанні туды, дзе вы служыце, каб дзяліцца і ўвасабляць!”

 

З такімі пачуццямі ўдзельнікі вярталіся дадому, узмоцненыя духоўна і напоўненыя надзеяй.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Усе павінны заставіць у Езусе сваю надзею, паверыць у Яго, даверыцца Яму, таму што толькі Ён праз свю муку і смерць зрабіў нас Божымі сынамі, сваімі братамі, прыемнікамі тых жа скарбаў у небе.

Св. Ян Боско