31 студзеня ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах урачыста адзначылі літургічны ўспамін святога Яна Боско – заступніка моладзі і заснавальніка Таварыства святога Францішка Сальскага. Гэтая падзея сабрала парафіянаў, моладзь і сяброў салезіянскай сям’і, каб разам падзякаваць Богу за харызму святога Яна Боско, і натхніцца яго прыкладам.
Цэнтральнай часткай святкавання стала Эўхарыстыя, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У праніклівай атмасферы супольнай малітвы вернікі прасілі святога Яна Боско заступацца за моладзь, выхаваўцаў і ўсіх, хто імкнецца несці хрысціянскія каштоўнасці ў свет.
Гамілію да прысутных прамовіў пробашч парафіі ксёндз Казімір Шыдэлко SDB. Ён нагадаў пра значэнне асобы святога Яна Боско і яго ўплыў на развіццё каталіцкага выхавання. Святар падкрэсліў, што святар-асветнік быў вялікім харызматыкам, які заўсёды знаходзіў шлях да сэрцаў маладых людзей. Ён будаваў сваё жыццё і служэнне на дзвюх непахісных калонах – Марыі і Эўхарыстыі. Нават у мітусні штодзённых спраў і шматлікіх абавязкаў ксёндз Боско ніколі не забываўся на малітву, бо менавіта яна была крыніцай яго сілы і мудрасці.
Ксёндз Казімір таксама звярнуў увагу на педагагічны талент святога. Ён адзначыў, што любоў да моладзі і здольнасць яе выхоўваць – гэта дар, які патрабуе самаахвярнасці і вытрымкі. Святар заклікаў усіх прысутных прыкладаць максімум намаганняў, каб падтрымліваць маладое пакаленне, даваць яму добры прыклад і спрыяць яго духоўнаму і маральнаму росту.
Асаблівым момантам святкавання стала абнаўленне абяцанняў салезіянскіх супрацоўнікаў – свецкай галіны Салезіянскай сям’і. Гэтыя мужчыны і жанчыны, натхнёныя духам святога Яна Боско, прысвячаюць сябе апостальскаму служэнню і выхаваўчай місіі. У гэты дзень да іх супольнасці далучылася новая ўдзельніца, якая ўпершыню публічна склала абяцанні жыць згодна з духоўнасцю і місіяй Салезіянаў. Гэты акт стаў сведчаннем таго, што харызма святога Яна Боско працягвае жыць і натхняць новых паслядоўнікаў.
Пасля святой Імшы адбылося благаслаўленне і ўцалаванне рэліквій святога Яна Боско. Для многіх гэта быў момант асабістага духоўнага набліжэння да святога, праз якога яны адчулі Божую ласку і падтрымку.
Святкаванне працягнулася ў араторыі пры парафіі, дзе аніматары падрыхтавалі інтэрактыўны квіз пра жыццё і дзейнасць святога Яна Боско. Удзельнікі былі падзелены на пяць каманд. Кожная каманда змагалася за перамогу, адказваючы на пытанні пра дзейнасць Салезіянскага таварыства, педагогіку святога Яна Боско і яго духоўную спадчыну. Спаборніцтва прайшло ў цёплай і радаснай атмасферы.
Завяршылася мерапрыемства супольнай малітвай – традыцыйнымі трыма “Вітай, Марыя”, якія асабліва шануюцца ў салезіянскай духоўнасці. Святкаванне літургічнага ўспаміну святога Яна Боско ў Бараўлянах стала не толькі магчымасцю ўспомніць вялікага выхаваўцу і святога, але і нагодай для духоўнага ўзмацнення, яднання і супольнай радасці. Салезіянская сям’я перажыла важны момант сваёй гісторыі, натхніўшыся служэннем і запалам святога Яна Боско, які і сёння застаецца жывым прыкладам для ўсіх, хто клапоціцца пра моладзь і яе будучыню.