ДАРОГА, АКАЙМАВАНАЯ РУЖАМІ
“«Ах! Дон Боско ўвесь час ідзе па ружах. Ён крочыць наперад вельмі спакойна: усё яму спрыяе». “Але яны не бачылі тых шыпоў, што драпалі маё беднае цела. І тым не менш, я ішоў далей”. Кожнае жыццё сплецена з церняў і ружаў, як гэта было ў славутым сне дона Боско аб ружовай алеі. Надзея - гэта сіла, якая, насуперак церням, дапамагае нам ісці наперад.
Дарагія чытачы, сябры салезіянскай сям’і і дабрачынцы, што дапамагаюць справе дана Боско ў любых сітуацыях і пры любых абставінах! Праз пасрэдніцтва штомесячніка Bollettino Salesiano дасылаю вам думку да разважання. Я вырашыў яшчэ на хвілінку затрымацца на тэме надзеі, як мы гэта рабілі і мінулым месяцы.
Такое рашэнне я прыняў не таму, што люблю затрымлівацца. Але найперш праз тое, што на гэтую тэму трэба размаўляць, бо ўсе мы яе вельмі патрабуем. Гэта сынонім Божай пяшчоты ў нашым жыцці.
Але калі мы кажам аб надзеі, найперш памятаем аб тым, што яна з’яўляецца элементам глыбокай чалавечнасці і ясным крытэрыем у інтэрпрытацыі жыцця - і гэта ва ўсіх веравызнаннях.
Надзея мае шмат агульнага з трансцэндэнтнасцю і верай, з любоўю і вечным жыццём, як гэта падкрэслівае карэйскі філосаф Б’юнг-Чул Хан. Мы працуем, ствараем і спажываем, адзначае гэты філосаф у сваіх працах, але ў такім ладзе жыцця няма адкрытых вачэй на трансцэндэнтнае, няма надзеі.
Мы жывем у часе, пазбаўленым вымярэння сакральнасці, і пры гэтым мы напоўнены рэчамі, што нас агаломшваюць; час без сакральнасці - гэта час без надзеі. Існуе рызыка, што грамадскасць, з’арыентаваная на спажыўца і вытворчасць, зробіць нас няздольнымі быць шчаслівымі і цешыцца сітуацыяй, у якой знаходзімся. Але і гэта найцяжэйшая сітуацыя заўсёды мае пробліскі святла!
Надзея дапамагае нам верыць у будучае, бо месцам, дзе надзея перажываецца найбольш інтэнсіўна, ёсць трансцэндэнтнасць.
Чэшскі пісьменнік і палітык Вацлаў Гавел, прэзыдэнт Чэхаславакіі і пазней Чэхіі ў часы аксамітнай рэвалюцыі, якую многія памятаюць, вызначае надзею як стан розуму і вымярэння душы. Надзея - гэта скіраванасць сэрца, якая выходзіць з вядомага нам свету; гэта замацаванне ў краіне, што за даляглядам.
Карэнне надзеі знаходзіцца дзесьці ў краіне трансцэндэнтнасці і, менавіта таму, мець надзею і быць задаволеным тым, што маеш - не тое самае.
Калі мы гаворым аб будучым, то маем на ўвазе тое, што станецца заўтра, у наступным месяцы, праз два гады. Будучае - гэта тое, што мы можам планаваць, прадказваць, кіраваць і аптымізаваць.
Надзея - гэта будаванне будучыні, што злучае нас з будучым, якое ніколі не скончыцца, з трансцэндэнтнасцю, з вымярэннем Бога. Гадаванне надзеі з’яўляецца вельмі карысным для нашых сэрцаў, бо дае нам энэргію да будавання нашага шляху, скіраванага да неба.
Слова, якое дон Боско вымаўляў найчасцей
Дон Альберто Кавілья пісаў: “Пры ўважлівым вывучэнні старонак са словамі і выказваннямі дона Боско мы высвятляем, што “неба” было словам, якое ён паўтараў пры любых абставінах як тэму, што найболей спрыяла кожнаму добраму ўчынку і надавала непахіснасці ў нязгодах”.
“Кавалак неба кампенсуе ўсё!” - паўтараў дон Боско сярод цяжкасцяў. Нават у сучасных школах для менеджэраў вучаць, што пазітыўнае бачанне будучыні ператвараецца ў жыццёвую сілу.
Калі ён, ужо стары і знясілены, павольна ішоў маленькімі крокамі праз падворак, мінакі, што сустракалі яго, міжволі пыталіся: “Куды мы ідзем, дон Боско?” Святы з усмешкай адказваў: “Да неба.” Як настойліва дон Боско паўтараў слова “неба”! Ён дапамагаў сваім юнакам расці, бачачы неба ў іхных вачах і сэрцах. Мы ўсе ведаем, што можна быць хрысціянінам, нават перакананым, і пры гэтым не верыць у неба.
Дон Боско вучыць нас злучаць наш зямны сусвет з тагасветным жыццём. І робіць ён гэта з дапамогай такой цноты як надзея.
Пераклад: Аляксандр Дзёўкш ASSCC