Чацвер, 21 Лістапад 2024 22:44

Агульнабеларуская сустрэча салезіянскіх аніматараў прайшла ў Мінску

Аўтар Салезіянскі аніматар Дар’я Купцова

 З 6 па 7 лістапада 2024 года ў мінскім араторыі імя св. Яна Боско, які вядзе дзейнасць пры мясцовай парафіі св. Яна Хрысціцеля, адбылася агульнабеларуская сустрэча аніматараў з трох салезіянскіх прысутнасцяў у Беларусі: Мінску, Смаргоні і Бараўлянаў. Гэтая падзея стала не толькі магчымасцю для абмену досведам, але і часам для глыбокай рэфлексіі і ўсведамлення сваёй ролі ў жыцці моладзі. Сустрэча мела інтэграцыйны характар, бо на яе з'ехаліся не толькі аніматары і кандыдаты ў аніматары, але і памочнікі.

 

Першы дзень сустрэчы быў прысвечаны інтэграцыі і наладжванню кантактаў сярод удзельнікаў. Праграма вечара была разнастайнай: адна група адправілася ў віртуальную рэальнасць "VR-Arena", дзе пагрузілася ў свет сучасных тэхналогій і камандных гульняў, а іншая наведала аквапарк "Фрыстайл". Гэтыя мерапрыемствы не толькі стварылі ўмовы для прыемных адносін, але і дапамаглі аніматарам лепш даведацца адзін аднаго ў нефармальнай абстаноўцы.

 

Падчас слоўка на добрую ноч с. Дар'я Еўтухоўская FMA, звяртаючыся да ўдзельнікаў, параўнала аніматараў з асколкамі вазы, кожны з якіх з'яўляецца важнай часткай агульнага цэлага. Без адной часткі ваза ўжо не будзе поўнай і прыгожай. Гэтае пасланне аб значнасці кожнага чальца каманды стала натхняльным і нагадала, што кожны аніматар, нягледзячы на сваю ўнікальнасць і індывідуальныя асаблівасці, з'яўляецца неад'емнай часткай адзінага арганізма супольнасці.

 

Другі дзень сустрэчы быў прысвечаны развіццю аніматарскага руху і працы з моладдзю ў кантэксце больш шырокіх глабальных працэсаў у салезіянскай сям'і. Адным з ключавых момантаў стала прэзентацыя і абмеркаванне дакумента, падрыхтаванага па выніках Сінода салезінскай моладзі, які адбыўся летам 2024 года ў Італіі. Трое ўдзельнікаў Сінода — Марта Адахоўская, Мікалай Карабко і Аліна Арцюкевіч — падзяліліся з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад сінадальнага працэсу, расказалі, як праходзілі абмеркаванні і ў чым заключаецца асноўная ідэя дакумента. Гэты дакумент уяўляе сабой не проста вынік працы Сінода, але і кіраўніцтва да дзеяння для аніматараў і ўсёй салезіянскай сям'і. Ужо традыцыйна, каманды аніматараў трох араторыяў падзяліліся досведам сваёй працы: як праводзяць вакацыі, якія новыя ідэі выкарыстоўваюць у душпастырстве моладзі і г.д.

 

Пасля прэзентацыі дакумента аніматары, салезіяне і сёстры салезіянкі атрымалі магчымасць паглыбіцца ў яго змест і падумаць пра шляхі яго рэалізацыі ў сваёй працы. У групах яны абмеркавалі, як перакладваць практычныя ідэі і мары з дакумента на мясцовы кантэкст, як адаптаваць іх да патрэбаў моладзі ў Беларусі. Гэтая праца стала важным этапам у развіцці дзейнасці супольнасцей, бо кожны ўдзельнік атрымаў магчымасць падзяліцца сваімі ўражаннямі і прапанаваць канкрэтныя крокі для ўкаранення рэкамендаваных ініцыятыў у жыцці араторыяў і моладзевых супольнасцей.

 

Гэта агульнабеларуская сустрэча салезіянскіх аніматараў стала важным этапам у развіцці салезіянскай моладзевай працы ў Беларусі. Удзельнікі сустрэчы не толькі ўмацавалі свае адносіны, але і атрымалі новыя веды і ідэі для далейшай працы з моладдзю.

 

 

 

Салезіянскі аніматар Дар’я Купцова

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Прымаю аднолькава і пахвалу і вымовы, бо калі мяне хваляць, гавораць, кім павінен быць, а калі мне робяць вымовы, гавораць, кім я ёсць.

Св. Ян Боско