Аўторак, 12 Лістапад 2024 11:04

У мінскім салезіянскім араторыі прайшлі восеньскія вакацыі з Богам

Аўтар Салезіянскі аніматар Дар’я Купцова

З 28 па 31 кастрычніка 2024 года ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску, які дзейнічае пры парафіі св. Яна Хрысціцеля, прайшлі канікулы з Богам, натхнёныя творам Антуана дэ Сэнт-Экзюперы "Маленькі прынц". Арганізатарамі вакацый былі аніматары разам з кс. Алегам Каралёвым SDB, кс. Міхаілам Радзевічам SDB, с. Веранікай Блізнюк FMA і с. Ірынай Барцэвіч FMA.

З 28 па 31 кастрычніка 2024 года ў салезіянскім араторыі імя св. Яна Боско ў Мінску, які дзейнічае пры парафіі св. Яна Хрысціцеля, прайшлі канікулы з Богам, натхнёныя творам Антуана дэ Сэнт-Экзюперы "Маленькі прынц". Арганізатарамі вакацый былі аніматары разам з кс. Алегам Каралёвым SDB, кс. Міхаілам Радзевічам SDB, с. Веранікай Блізнюк FMA і с. Ірынай Барцэвіч FMA.

Ужо некалькі гадоў арганізатары практыкуюць падзел удзельнікаў на дзве групы па ўзросце: у перашай палове дня прыходзяць дзеці з 2 па 5 клас, яны маюць сваю праграму, а ўвечары падлеткі з 6 па 11 клас са сваёй праграмай. На працягу чатырох дзён юныя ўдзельнікі разглядалі глыбокія тэмы сяброўства, мар, каштоўнасцяў і абавязкаў, а падлеткі абмяркоўвалі больш сур'ёзныя пытанні, звязаныя з сэнсам жыцця.

Першы дзень у дзяцей быў прысвечаны марам і мэтам. Дзеці дзяліліся сваімі запаветнымі жаданнямі і імкненнямі, абмяркоўваючы, што перашкаджае іх ажыццяўленню. Удзельнікі прыгадалі праз мультфільм, як Маленькі прынц марыў аб зорках і даследаваннях, і задумаліся аб сваіх асабістых мэтах. Увечары падлеткі сабраліся, каб разважаць аб сэнсе жыцця, таксама абапіраючыся на гісторыю Маленькага прынца.

На другі дзень дзеці засяродзіліся на абавязках і адказнасці. Яны абмяркоўвалі, як важна выконваць свае абавязацельствы перад сабой і навакольнымі. Праз інтэрактыўныя гульні і абмеркаванні ўдзельнікі глядзелі, як іх дзеянні могуць уплываць на жыццё іншых людзей, і якім чынам яны могуць стаць "адказнымі за тых, каго прыручылі". Увечары падлеткі паглыбіліся ў тэму пазнання сябе і мэт, разглядаючы, як асабістая адказнасць дапамагае ім лепш асэнсаваць свае жаданні і імкненні, каб зразумець сэнс жыцця.

Трэці дзень стаў часам для разважанняў аб сяброўстве. Дзеці дзяліліся гісторыямі аб сваіх сябрах і ўспаміналі моманты, калі сяброўства дапамагала ім пераадольваць цяжкасці. Падчас гульняў і групавых заданняў удзельнікі абмеркавалі, што значыць сапраўднае сяброўства, і як важна клапаціцца аб блізкіх. Падлеткі абмеркавалі каштоўнасці, якія фарміруюць бачанне жыцця і дапамагаюць ісці да сваёй галоўнай мэты.

Фінальны дзень быў прысвечаны даследаванню каштоўнасцей. Праз абмеркаванне ўдзельнікі высвятлялі, якія каштоўнасці ім блізкія. Размовы аб каштоўнасцях суправаджаліся гульнямі, дзе дзеці вучыліся прымаць рашэнні, грунтуючыся на гэтых прынцыпах. Увечары падлеткі падсумавалі ўсе абмеркаваныя тэмы і падрыхтавалі парады такім жа падлеткам, як і яны, зрабіць крок да пошуку сэнсу жыцця.

Вакацыі ў салезіянскім араторыі сталі для дзяцей і падлеткаў не толькі часам адпачынку, але і глыбокай асабістай трансфармацыі. Удзельнікі выйшлі з араторыя з новымі ведамі, асэнсаваннем сваіх каштоўнасцяў і жаданнямі быць лепшымі летуценнікамі, адказнымі грамадзянамі і добрымі хрысціянамі. Дзякуючы цікавым майстар-класам ад аніматараў, дзеці зрабілі шмат новага і цікавага. Такія духоўныя моманты, як св. Імша і малітвы, дапамаглі перажыць гэты час разам з Богам. Гэтыя чатыры дні назаўсёды застануцца ў іх сэрцах, як час, калі яны навучыліся глядзець на свет вачыма Маленькага прынца, адкрываючы для сябе важныя жыццёвыя ісціны.

 

 

Салезіянскі аніматар Дар’я Купцова

 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Прымаю аднолькава і пахвалу і вымовы, бо калі мяне хваляць, гавораць, кім павінен быць, а калі мне робяць вымовы, гавораць, кім я ёсць.

Св. Ян Боско