Субота, 02 Лістапад 2024 00:56

У Бараўлянах адзначылі 10-годдзе дзейнасці араторыя імя св. Дамініка Савіо

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

У нядзелю 27 кастрычніка вернікі і духавенства Бараўлянаў адзначалі 10-годдзе дзейнасці салезіянскага араторыя імя св. Дамініка Савіо, які працуе пры мясцовай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

У нядзелю 27 кастрычніка вернікі і духавенства Бараўлянаў адзначалі 10-годдзе дзейнасці салезіянскага араторыя імя св. Дамініка Савіо, які працуе пры мясцовай парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў.

Распачалося свята са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянаскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB.

У казанні ксёндз Павел разважаў над урыўкам з Евангелля, у якім Езус аздаравіў сляпога жабрака. Адзінай надзеяй і адзінай магчымасцю гэтага чалавека змяніць сваё жыццё было дакрычацца да Езуса, каб Ён яго пачуў і аздаравіў. І калі Езус яго пачуў, жабрак адкінуў адзіную сваю маёмасць, плашч, і пабег да Пана за аздараўленнем. Так і нам неабходна адкінуць свае “плашчы залежнасцяў” і пайсці па дарозе за Езусам. “І хацелася б, каб нашыя салезіянскія парафіі і араторыі былі месцам, дзе людзі і ,ў першую чаргу, маладыя людзі знаходзілі надзею, знаходзілі вушы, якія выслухаюць, знаходзілі рукі, якія падымуць. Знаходзілі сэрца, якое па-сапраўднаму б’ецца дзеля моладзі і за яе змагаецца. Гэта вельмі важна, бо, як казаў св. Ян Боско, калі хочаш рабіць найсвяцейшую рэч, то займіся справай выхавання моладзі”, – падкрэсліў святар.

Пасля святой Імшы да сабраных звярнулася Хіля Алена Анатольеўна - дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якая раней працавала ў адной з бараўлянскіх школ і добра ведае аб працы араторыя, бо шматлікія з яе вучняў наведвалі салезіянскую пляцоўку. Алена Анатольеўна павіншавала ўсіх з юбілеем, а таксама падкрэсліла, што такія месцы як араторый неабходны асабліва ў сучасным свеце, калі ў сем’ях бракуе сапраўдных і жывых адносін, калі па ўсім свеце пануе крызіс сям’і. Араторый з’яўляецца тым месцам, дзе адносіны будуюцца не праз гаджэты і сацыяльныя сеткі, але праз жывую размову, сапраўдныя пачуцці. Гэта месца, куды можна прыходзіць усёй сям’ёй, адчуць дабрыню і давер.

Святая Імша не стала фінальнай кропкай урачыстасці, непасрэдна ў араторыі ўсіх чакала святочная праграма, прысвечаная юбілею, якую падрыхтавалі салезіяне супрацоўнікі разам з моладдзю і дзецьмі. Як і ў часы ксяндза Боско, у праграме былі песні, танцы і латэрэя з каштоўнымі прызамі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Без цярпення не можам стаць святымі.

Св. Ян Боско