З 20 па 22 верасня ў мінскай салезіянскай парафіі святога Яна Хрысціцеля адбыліся дні моладзі Don Bosco Youth Fest, слоганам якіх стала фраза "Мары, якія здзейсняцца". Пад час дзён моладзі салезіяне прапанавалі ўдзельнікам паразважаць над сном, які ксёндз Боско ўбачыў у дзевяцігадовым узросце і які стаў яго вялікай марай, прадказаўшы пакліканне і шлях да святасці. Арганізатары заахвочвалі моладзь абудзіць свае ўласныя мары і імкнуцца да іх, рабіць канкрытныя крокі, каб ператвараць мары ў планы і рэалізоўваць іх.
Удзельнікі пачалі прыязджаць у араторый, які дзейнічае пры парафіі, у пятніцу вечарам. Там яны падсілкаваліся і азнаёміліся з планам сустрэчы. Вечарам пятніцы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, пад час якой моладзь прыносіла да Пана свае мары і імкненні.
Раніцай у суботу жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у святой Імшы, а ў араторыі ўсіх чакаў прагляд відэа пра прароцкі сон ксяндза Боско, гульня на знаёмства і мазгабойня. Пасля абеду ўдзельнікі мелі магчымасць наведаць майстар-классы, якія былі накіраваны на павышэнне іх кампетэнцый. Пад час майстар-класаў моладзь разглядала, як умець слухаць і чуць, як карысна ўзаемадзейнічаць з партнёрам, як умець пераконваць аўдыторыю, як пачаць жыць па ўласным сцэнарыі, як весці бізнес і годна працаваць з хрысціянскага пункта гледжання. Вопытныя настаўнікі дзяліліся з маладымі людзьмі сваімі ведамі і падказвалі як можна развіваць уласныя таленты.
Пасля майстар-класаў удзельнікаў чакала вясёлая праграма з танцамі, гульнямі і размовамі.
Раніца нядзелі распачалася са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. У казанні святар падкрэсліў, што ніхто не ідзе да сваёй мары адзін, кожнаму на шляху патрэбна падтрымка родных і блізкіх. Хрыстус не хоча, каб нашае дасягненне мэтаў было спаборніцтвам, калі мы прыніжаем іншых, але каб мы крочылі разам і падтрымлівалі адзін аднаго.
Пасля святой Імшы ў араторыі адбылося падвядзенне вынікаў сустрэчы, молазь дзялілася сваімі ўражаннямі і давала фідбэк аб арганізацыі і правядзенні мерапрыемства. Напрыканцы ксёндз Алег Каралёў SDB падзякаваў усім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні Don Bosco Youth Fest, і ўсім удзельнікам. Таксама святар яшчэ раз заахвоціў усіх быць адважнымі і ўпарта крочыць да сваёй мары, як гэта рабіў святы Ян Боско.