Моладзь з Беларусі прыняла ўдзел у Сінодзе салезіянскай моладзі
З 11 па 16 жніўня на Вальдокко (Турын) і Колле Дон Боско (Бэккі) праходзіў Сінод салезіянскай моладзі, прысвечаны 200-годдзю сну кс.Боско, які ён убачыў ва ўзросце дзевяці год.
У Сінодзе прымалі ўдзел каля трохсот маладых людзей з усяго свету. Удзельнічалі таксама і прадстаўнікі Беларусі: аніматары з Мінска Аліна Арцюкевіч і Мікалай Карабко і са Смаргоні - Марта Адахоўская, якая прадстаўляла не толькі Беларусь, але і Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі з Беларусі, Грузіі, Расіі і Украіны.
“Сінод салезіянскай моладзі – гэта неверагодны вопыт малітвы, сумеснага жыцця і разважанняў. У ходзе Сінода ўдзельнікі разважалі над марамі сучаснай моладзі, думалі, што перашкаджае гэтым марам здзейснiцца і як дапамагчы маладым людзям ператварыць іх мары ў рэальнасць. Плёнам Сінадальнай працы стаў дакумент, які пазней будзе даступны для ўсіх салезіянскіх прысутнасцяў”, – адзначыў Мікалай Карабко.
Урачыстае адкрыццё Сінода прайшло на Вальдокко. Удзельнікаў чакалі экскурсія па месцах кс.Боско і св. Імша, якую ўзначаліў кардынал Анхель Фернандэс Арцімэ SDB.
Сінадальная праца распачалася на Колле Дон Боско 12 жніўня. На працягу трох дзён моладзь разважала над марамі: асабістымі, грамадства, Касцёла і Салезіянскага моладзевага руху.
15 жніўня адбылася Генеральная Асамблея, пад час якой зачытваліся фінальныя дакументы, якія падрыхтавалі прадстаўнікі пяці моўных груп. На гэтай асамблее маладыя ўдзельнікі мелі магчымасць галасаваць за прыняцце прадстаўленных дакументаў і ўнесці апошнія праўкі. Пасля галасавання чатыры дакументы былі прынятыя і адзін прыняты з ўнясеннем правак.
Незвычайным і вельмі цікавым пунктам праграмы была ярмарка Салезіянскага моладзевага руху, падчас якой моладзь з радасцю дзялілася адзін з адным сувенірамі сваіх краін. Ярмарка была прасякнута салезіянскім духам і сяброўствам. Гэта было знакам таго, што ўдзельнікі Сінода за некалькі дзён сталі адной вялікай салезіянскай сям’ёй.
Уночы з 15 на 16 жніўня ўсе сабраліся разам, каб адзначыць 209 дзень нараджэння кс. Боско. Вельмі кранальным момантам святкавання быў час падзякі кардыналу кс. Анхелю Ф. Арцімэ SDB за годы яго служэння на пасадзе Генеральнага настаяцеля.
Завяршыўся Сінод урачыстай св. Імшой з нагоды святкавання дня нараджэння кс. Боско і закрыцця Сінода салезіянскай моладзі. Удзельнікі св. Імшы сталі сведкамі гістарычнай падзеі – перадачы паўнамоцтваў часовага кіравання (да наступнага капітула) Салезіянскай Кангрэгацыяй ксяндзу Стэфано Мартольё SDB.
Сваімі ўражаннямі падзялілася Марта Адахоўская:
“Для мяне Сінод салезіянскай моладзі, найперш, стаў момантам сустрэчы. Маладыя людзі з усяго свету атрымалі неверагодную магчымасць убачыць салезіянскую сям'ю з розных куткоў нашай планеты. Асаблівым гонарам было прадстаўляць нашую краіну на мерапрыемстве такога маштабу, дзяліцца з іншым і распавядаць, які ён - салезіянскі дух Беларусі. Вельмі цікава было абмяркоўваць мары сучаснага маладога чалавека і разумець: хоць мы і жывём далёка адзін ад аднаго, нашыя мары вельмі падобныя. Сінод - гэта таксама актыўная праца на карысць развіцця салезіянскага моладзевага руху ва ўсім свеце, і як жа каштоўна было адчуць сябе часткай гэтага працэсу”.
Сінод Салезіянскай моладзі – сапраўды благаслаўлёны час. Двор Колле Дон Боско быў напоўнены смехам, размовамі, музыкай і прыгожымі спевамі. Акрамя працы над сінадальным дакументам, кожны мог знайсці сабе занятак па душы: гульні, танцы, прагулкі. Асаблівае месца абавязкова займала малітва, як агульная, так і асабістая. Рэха Сінода, напэўна, яшчэ доўга будзе гучаць у сэрцы кожнага ўдзельніка.