Сёння я ў апошні раз вітаю вас з гэтай старонкі штомесячніка Il Bollettino Salesiano. 16 жніўня, у дзень, калі нарадзіўся дон Боско, завяршыцца маё служэнне ў якасці Галоўнага Настаяцеля салезіянаў.
Заўсёды ёсць нагода падзякаваць. Я заўсёды дзякую. Найперш Богу, Кангрэгацыі і салезіянскай сям’і, шматлікім добрым і дружалюбным людзям, сябрам харызмы дона Боско і дабрачынцам.
Скарыстаюся гэтай магчымасцю, каб выказаць праз гэтае прывітанне тое, што сам нядаўна перажыў. Адсюль паходзіць і яго назва“Паміж захапленнем і болем”. Я распавяду вам аб радасці, якая напоўніла маё сэрца ў Гоме, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, краіне, дзе няспынна ідзе вайна. Гэта будзе гісторыя аб радасці і сведчанні, якія я атрымаў учора.
Трыма тыднямі раней я наведваў Уганду. Дзяліўся з вамі сведчаннем з лагера для ўцекачоў у Палабеку, які ў апошні час дзякуючы дапамозе салезіянаў пераўтварыўся ў месца сталага побыту дзясяткаў тысяч людзей. Гэтыя людзі з дапамогай салезіянаў атрымалі новае жыццё. Пасля Уганды я перасёк мяжу з Руандай і патрапіўў на мяжу ў рэгіёне Гама. Гэта цудоўны край, шчодры на прыроднае багацце, менавіта праз гэта такі прывабны. У выніку ўзброеных канфліктаў з гэтага рэгіёну вымушана было з’ехаць больш за мільён людзей. Нам таксама прыйшлося пакінуць нашую справу ў Ша-Ша праз акупаванне ваеннымі.
Гэты мільён перасяленцаў патрапіў у рэгіён Гама, у Гангі, у адзін з кварталаў, дзе працуюць салезіяне. Я быў бязмежна шчаслівы, калі ўбачыў дабро, якое мы там чынім. Сотні хлопцаў і дзяўчат маюць дом. Дзясяткі падлеткаў былі ўзятыя з вуліцы і жывуць у доме дона Боско. Тут знайшлі свой дом 82 нованароджаных і маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія страцілі сваіх бацькоў, альбо якіх тыя пакінулі, бо не маглі паклапаціцца аб іх.
Тут, на гэтым новым Вальдокко, адным з многіх Вальльдокк свету, супольнасць з трох манахінь з Сан-Сальвадору разам з групай жанчын клапоціцца аб гэтых хлопчыках і дзяўчынках пры падтрымцы салезіянскага дома і з дапамогай, якая прыходзіць дзякуючы дабрачынцам і Божаму Провіду. Калі я прыйшоў іх наведаць, манахіні ўсіх святочна апранулі, нават дзяцей, якія спалі ў сваіх маленькіх ложках. Як жа магло не напоўніцца маё сэрца радасцю за гэтую дабрыню, насуперак пакінутасці і вайне?!
Маё сэрца таксама кранула сустрэча з сотнямі людзей, якія прыйшлі прывітаць мяне з нагоды майго візіту. Яны ўваходзяць у лік тых 32000 перасяленцаў, што пакінулі свае дамы і краіну ў пошуках прытулку з-за выбухаў бомб. Яны знайшлі яго на дзіцячых пляцоўках і тэрыторыі дома дона Боско ў Гангі. Яны не маюці анічога, жывуць у халупах плошчай у некалькі квадратных метраў. Гэта іхняя рэальнасць. Кожны дзень мы разам шукаем магчымасць здабыць ім ежу. Але ведаеце, што мяне ўразіла найболей? Калі я быў з гэтымі сотнямі людзей, пераважна пажылога ўзросту і маці з дзецьмі, я звярнуў увагу на тое, што яны не гублялі сваёй годнасці, радасці і ўсмешкі. Я быў узрушаны і маё сэрца журылася з такой колькасці пакутаў і галечы, хоць у імя Пана мы робім усё, што можам.
Незвычайны канцэрт
Яшчэ адну вялікую радасць я перажыў, атрымаўшы жыццёвае сведчанне, якое прымусіла мяне задумацца аб падлетках і маладых людзях, што ўдзельнічаюць у нашых справах, а таксама аб шматлікіх дзецях з бацькамі, якія чытаюць гэтыя мае словы і адчуваюць, што яны не маюць матывацыі, нудзяцца жыццём і не маюць натхнення да анічога. Сярод гасцей нашага дому была ў тыя дні незвычайная піяністка, якая давала канцэрты па ўсім свеце і ўваходзіла ў склад вялікіх філарманічных аркестраў. Яна былая выхаванка салезіянаў, і яе падтрымкай і прыкладам быў адзін з ужо спачылых салезіянаў. Яна запрапанавала даць нам канцэрт у атрыўме храма Найсвяцейшага сэрца, як даніну пашаны да Марыі Ўспамогі Хрысціянаў, якую вельмі любіць, і як падзяку за ўсё, што перажыла ў сваім жыцці.
Кажу аб гэтым у апошнюю чаргу, але наша шаноўная сяброўка ва ўзросце 81 года дала нам цудоўны канцэрт выключнай якасці. Яна была ў суправаджэнні сваёй дачкі. У гэтым узросце, калі, магчыма, некаторыя са старэйшых членаў нашай сям’і ўжо даўно кажуць, што не маюць жадання штосьці рабіць, што ўсё патрабуе намаганняў, наша шаноўная сяброўка штодня займаецца на фартэпіяна. Добрая музыка, шчырая ўсмешка напрыканцы выканання і паднясенне архідэй Панне Марыі Ўспамозе Хрысціянаў - гэта ўсё, чаго мы патрабавалі той прыгожай раніцай. Маё сэрца не магло не думаць аб тых хлопчыках, дзяўчынках і маладых людзях, якія не мелі, альбо ўжо не маюць анічога з таго, што б іх матывавала ў жыцці. Яна, нашая сяброўка, выканаўца канцэрта, ва ўзросце 81 году жыве з вялікім спакоем і, як паведала мне, і надалей будзе дзяліцца тым дарам, што атрымала ад Пана, і кожны дзень знаходзіць усё больш і больш прычын, каб гэта рабіць. Гэта яшчэ адзін жыццёвы ўрок і сведчанне, што не пакідае сэрца абыякавым.
Дзякуй вам, сябры! Ад усяго сэрца дзякуй вам за ўсё тое дабро, што робім разам. Якім бы малым яно не было, яно садзейнічае таму, каб наш свет быў больш чалавечым і прыгожым. Няхай добры Бог вас паблагаславіць.
(Паводле Il Bollettino Salesiano, ліпень-жнівень 2024)