15 верасня вечарам удзельнікі сустрэчы сабраліся ў араторыі, які дзейнічае пры парафіі, там адбылася рэгістрацыя, знаёмства, а таксама вячэра.
У араторыі моладзь прывіталі Рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB і адказны за араторый кс. Алег Каралёў SDB. Святары азнаёмілі моладзь з праграмай дзён моладзі і правіламі паводзін на мерапрыемстве. Пасля пасілку ўсе перайшлі ў касцёл, дзе адбыўся вечар праслаўлення з адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту. Пад час традыцыйнага салезіянскага слоўка на добрую ноч моладзь, якая наведвала ў жніўні сусветныя дні моладзі з Папам Францішкам у Партугаліі, дзялілася сваім сведчаннем.
Другі дзень фэсту стаў асноўным працоўным. Раніцай удзельнікі сустрэліся на адной з мінскіх івэнт-пляцовак, дзе пад кіраўніцтвам дасвечаных спікераў знаёміліся з асновамі водазберажэння, энергазберажэння, біяразнастайнасці і пераапрацоўкі адходаў. Маладыя людзі разглядалі гэтыя пытанні праз прызму энцыклікі Папы Францішка “Laudato si’ ”. З дапамогай майстар-класаў і практычных парад юнакі і дзяўчаты даведаліся як зрабіць сваё жыццё больш экалагічным і якія небяспекі вынікаюць з марнатраўнага карыстання рэсурсамі.
Другім пунктам суботняй праграмы было наведванне Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Супрацоўнікі цэнтра падзялілі моладзь на шэсць невялічкіх груп і азнаёмілі са сваёй працай, дапамаглі глыбей пазнаёміцца з тэмай аховы навакольнага асяроддзя.
Вечарам моладзь вярнулася ў араторый, дзе кожны жадаючы мог пагуляць у спартыўныя, настольныя і інтэлектуальныя гульні.
Напрыканцы дня са слоўкам на добрую ноч да сабраных праз відэасувязь з Германіі звярнуўся першы дэлегат салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Віктар Гайдукевіч SDB. Святар з радасцю прывітаў усю моладзь і ўзгадаў як была заснавана дэлегатура, усе тыя радасці і праблемы, з якімі давялося сутыкнуцца ў новазаснаванай структуры. “Дзесяцігоддзе росту і змен засталося з-за плячыма – перыяд, у які мы перажылі як праблемы, так і трыумфы. 23 жніўня 2013 года падчас урачыстай св. Імшы з нагоды прыбыцця рэліквій нашага заснавальніка ксяндза Боско ў Беларусь тагачасны правінцыял Анджэй Вуек абвясціў дэкрэт аб заснаванні беларускай дэлегатуры і аб маім прызначэнні першым дэлегатам новастворанай структуры. Гэты момант стаў нашым першым крокам, які мы зрабілі, сімвалічна кажучы, за руку з кс. Боско. Упэўнены, што ён суправаджаў нас на працягу гэтых гадоў і, спадзяюся, будзе працягваць гэта рабіць і на працягу наступных дзесяці гадоў.”
Кс. Віктар падкрэсліў, што ўся праца і ўсе намаганні прыкладаюцца выключна дзеля дабра моладзі, а моладзь у сваю чаргу натхняе і матывуе салезіянаў. Былы дэлегат адзначыў таксама і канцэпт “Зялёнай парафіі”, да станаўлення якога сам меў непасрэднае дачыненне. “Напрыканцы хацелася б таксама закрануць наш новы экапраект. У той час, калі ахова навакольнага асяроддзя мае першаснае значэнне для нашага Касцёла і для нашага Ордэна, мы вырашылі ўнесці свой уклад у выратаванне нашай планеты. Гэты праект — не проста чарговая акцыя, гэта — нашае абяцанне будучым пакаленням! ”
Завяршыўся дзень па салезіянскай традыцыі трыма “Вітай, Марыя”, як вучыў сам ксёндз Боско.