Аўторак, 29 Жнівень 2023 09:13

“Выключна моцай Любові!”: с. Дар’я Еўтухоўская FMA склала вечныя манаскія абяцанні

Аўтар Аліна Арцюкевіч

26 жніўня 2023 года ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску с. Дар’я Еўтухоўская FMA, якая на сённяшні дзень нясе сваё служэннне ў салезіянскай парафіі Марыі Успамогі Хрысціянаў у Бараўлянах, склала свае вечныя манаскія абяцанні.  “Выключна моцай Любові!” – менавіта так гучыць дэвіз, які абрала с.Дар’я на сваё манаскае жыццё. 

Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі кс. Аляксандр Яшэўскі SDB. Падтрымаць малітоўна с.Дар’ю сабраліся святары салезіяне на чале з ксяндзом дэлегатам Паўлам Шчарбіцкім SDB, сёстры салезіянкі, а таксама святары і сёстры законныя з розных куткоў Беларусі. Важным госцем была с. Маргарыта Пятрушчак FMA, сястра дэлегатка маці генеральнай Інстытута Дачок Марыі Успамогі.

У гаміліі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB звярнуўся да ўсіх прысутных, а асаблівым чынам да сястры Дар’і, разважаючы над пакліканнем да манаскага жыцця: “Манаскае жыццё – гэта заклік да шчаслівага служэння, самааддачы, поўнага самаахвяравання. Гэта не прывілеяванае месца, каб нешта атрымаць для сябе, але каб шчодра раздаваць, як Марыя, якая імкнулася не браць, але даваць”

Іерарх вызначыў тры праграмныя ўстаноўкі для манаскай асобы, асабліва з салезіянскай харызмай: быць радасным, быць адважным і быць з’яднаным. 

Біскуп Аляксандр адзначыў, што Інстытут Дачок Марыі Успамогі добра сфарміраваў сястру Дар’ю і падрыхтаваў да складання вечных абяцанняў, а ўсё астатняе залежыць менавіта ад яе. 

Напрыканцы сваёй гаміліі біскуп звярнуўся да с.Дар’і са словамі зычэння і падзякі: “Сястра Дар’я, будзь асобай, якая моцна любіць Бога, якая настолькі з’яднаная са сваёй Кангрэгацыяй, што нясе гэтую любоў усім, каму будзе служыць, і асабліва тым маладым людзям у нашым свеце, хто вядзе барацьбу, каб знайсці любоў ці надзею. Дзякуй за тваю адданасць і дзякуй за тваё “так”, выказанае сёння Богу перад усімі намі…”

Пасля гаміліі адбыўся абрад складання вечных манаскіх абяцанняў. Спачатку с. Дар’я выказала сваё жаданне і гатоўнасць дабраахвотна цалкам ахвяраваць сябе Богу па прыкладу св. Марыі Дамінікі Мадзарэлло, заснавальніцы ордэну Дачок Марыі Успамогі.

Затым увесь касцёл маліўся літанію, дзякуючы Богу і просячы заступніцтва Марыі і ўсіх святых, каб Бог Айцец праз Хрыста спаслаў багацце сваіх дароў на с. Дар’ю.

Наступным крокам было зачытванне с. Дар’яй Еўтухоўскай FMA усласнаручна напісанай формулы манаскіх абяццаняў перад сястрой дэлегаткай. 

У адпаведнасці з абрадам адразу пасля прамаўлення формулы манаскага абяцання сястра Дар’я паклала яе тэкст на алтар. Потым яна атрымала ад біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB пярсцёнак, які сімвалізуе, што с. Дар’я павінна стаць знакам Хрыста для свету.

Атрымаўшы благаслаўленне, салезіянская сям’я склала свае шчырыя віншаванні для сястры. У сваю чаргу с. Дар’я выказала словы падзякі, падкрэсліўшы важнасць малітоўнай падтрымкі ўсіх прысутных і тых, хто па нейкіх абставінах не змог быць побач, але вельмі хацеў.

Пасля святой Імшы ўсе прысутныя былі запрошаныя ў араторый на святочны абед, каб разам адсвяткаваць і павіншаваць сястру Дар’ю з такой важнай падзеяй.

Гэта было сапраўды сямейнае, вельмі утульнае і прыгожае свята. Раздзяляючы радасць гэтай падзеі, абяцаем с. Дар’і сваю падтрымку і малітву, каб яна засталася вернай прамоўленнаму Езусу “так” праз усё жыццё. 

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не веды робяць нас святымі , але дабрадзейнасць.

Св. Ян Боско