Пятніца, 14 Ліпень 2023 18:09

Ліпень: Пасланне Генеральнага Настаяцеля дона Анхеля Фернандэса Арцімэ

Аўтар

ГЭТА ЛЮБОЎ…        

Гэта простае і ціхае дабро, якое рабіў дон Боско.       

Гэта дабро, якое мы працягваем рабіць разам.

 

Дарагія сябры, чытачы штомесячніка Il Bollettino Salesiano! Прыміце, як і кожны месяц, маё сардэчнае прывітанне, якое я рыхтую, дазваляючы прамаўляць свайму сэрцу. Сэрцу, якое хоча працягваць глядзець на салезіянскі свет з тымі надзеяй і ўпэўненасцю, якія меў сам дон Боско - што разам мы можам зрабіць шмат дабра і што мы павінны зрабіць так, каб людзі даведаліся аб тым дабры, якое мы чынім. 

  Перш чым напісаць гэта прывітанне, я прачытаў увесь змест Bollettino за гэты месяц. Заўсёды праглядаю яго наперад, каб напісаць тое, што, на маю думку, адпавядае дадзенай тэме. 

  Bollettino за гэты месяц мне вельмі спадабаўся сваёй разнастайнасцю, з каштоўным сведчаннем аб тым, як можам быць вельмі салезіянскімі праз штодзённае адданае служэнне ў салезіянскім араторыі, на кожнай гульнявой пляцоўцы, на кожным месцы, дзе дзеці і падлеткі, а таксама моладзь, што з’яўляецца іх аніматарамі – там, дзе яны знаходзяць жыццёвую прастору, прастору здаровую і выхаваўчую, якая выхоўвае для жыцця і для сэнса жыцця, прастору веры, калі людзі гэтага жадаюць.

  У многіх салезіянах я зноў бачу “гарачую любоў” дона Боско, скіраваную да шчасця моладзі. Дэвіз, які стаў знакамітым, намагаецца ў трох словах, коратка і змястоўна, высветліць выхаваўчую сістэму дона Боско: розум, рэлігія, дабрыня. Школа, касцёл, гульнявая пляцоўка. Усё гэта, што стварае салезіянскі дом, збудавана з камня. Але араторый дона Боско з’яўляецца чымсьці  значна большым. Гэта арсенал стымулаў і творчасці: музыка, тэатр, спорт і падарожжы, якія з’яўляюцца сапраўдным з’яднаннем з прыродай. Усё гэта прыпраўлена сапраўднай айцоўскай, церпялівай, радаснай любоўю.


МУЖНАЯ МАЦІ

Ну, а пакуль што я з болем і заклапочанасцю чытаю штодзённыя навіны з Судану, дзе становішча вельмі цяжкае - і становішча салезіянаў таксама. Сёння я б хацеў прапанаваць чарговае прыгожае сведчанне, хоць на гэты раз я і не быў яго сведкам. Але раскажу вам тое, чым са мной падзяліліся іншыя. 

  Гісторыя гэта адбываецца ў Палабеку (ва Ўгандзе), куды яшчэ ў часы прыходу першых уцякачоў, пяць гадоў таму, пажадалі прыйсці і мы, салезіяне дона Боско. Размяшчэнне было ў намётах, а каплічкай для малітвы і святкавання першай Эўхарыстыі быў цень дрэва. 

  Кожны дзень у Палабек прыбывалі сотні і сотні ўцекачоў з Судану. Перш-наперш, з-за канфлікту ў Паўночным Судане. І не перастаюць прыходзіць і праз гады, цяпер ужо з-за канфлікту ў Паўднёвым Судане. 

  Тое, аб чым вам зараз пішу, мне распавёў галоўны дарадца па місіях, які скіраваўся ў Палабек, каб працягнуць суправаджаць тую нашую справу ў лагеры для ўцекачоў, дзе ўжо былі прынятыя дзясяткі тысячаў людзей.

  Дзесяць дзён таму прыйшла жанчына з адзінаццацю дзецьмі. Адна, без якой-небудзь дапамогі, яна пераадолела некалькі раёнаў, поўных небяспекі. За апошні месяц яна прайшла больш за 700 кіламетраў і колькасць дзяцей, якія ідуць з ёй, павялічылася. 

Гэта менавіта тое, аб чым я хачу расказаць, бо гэта ёсць чалавечнасць і любоў. Гэтая жанчына прыйшла ў Палабек з адзінаццацю дзецьмі, якіх ёй даверылі і якіх яна прадставіла як сваіх дзяцей. Але насамрэч дзяцей, што былі плодам яе ўлоння, было шасцёра. Трое іншых, якіх яна ўзяла пад сваю апеку, былі дзецьмі яе нядаўна памёршага брата. А дзвюх маленькіх сіротак яна знайшла на вуліцы адных, з імі нікога не было. Зразумела, яны не мелі дакумэнтаў (хто можа думаць аб паперах і дакументах, калі адсутнічаюць найважнейшыя для жыцця рэчы?). Яны сталі яе прыёмнымі дзецьмі. 

  Пра маці, якая аддала жыццё, каб абараніць сваё дзіця, людзі звычайна кажуць “мужная маці”. У гэтым выпадку я б хацеў таксама прызначыць гэтай маці адзінаццаці дзяцей тытул “Мужная Маці”. Але, найперш, жанчыне, якая вельмі добра ведае, у глыбіні свайго сэрца, што азначае любіць, нават пакутуючы. Бо са сваімі адзінаццацю дзецьмі яна жыла і жыве ў абсалютнай галечы. 

  Вітаем цябе ў Палабеку, храбрая маці. Вітаем у салезіянскім доме. Без сумніваў, мы зробім усё для таго, каб гэтым дзецям хапала ежы і месца для гульняў і весялосці - у салезіянскім араторыі, а таксама месца ў нашай школе. 

  Гэта ёсць тое ціхае і бязмоўнае дабро, якое здзяйсняў дон Боско. Гэта тое дабро, якое мы працягваем рабіць разам, бо, паверце мне, мы адчуваем, што мы не адныя, што многія з вас з радасцю і спачуваннем заўважаюць тыя намаганні, якія мы кожны дзень прыкладаем для шчасьця іншых. І гэта надае нам чалавечай сілы, а добры Бог, без сумніваў, яе памнажае. 

  Жадаю вам добрага лета. Гэта нашае і маё лета будзе, напэўна, спакайнейшае і камфортнейшае, чым лета маці з Палабеку. Але, я думаю, што магу сказаць наступнае: думаючы аб ёй і аб яе дзецях, мы, у пэўны спосаб, збудавалі мост. 

  Будзьце вельмі шчаслівыя.

 

  (Паводле Il Bollettino Salesiano, ліпень-жнівень 2023)

Думкі ксяндза Боско

Гаворачы пра важныя справы, сказаць, што «ідуць па-малу», азначае тое самае, калі б мы сказалі, што ўсё дрэнна

Св. Ян Боско