Чацвер, 01 Чэрвень 2023 00:05

У Смаргоні прайшло свята сям’і

Аўтар

 28 мая ў араторыі св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні, адбылося свята сям’і для дзяцей і іх бацькоў.

Святочная праграма распачалася св. Імшой.

Падчас казання кс. Міхаіл Радзевіч SDB звярнуў увагу на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога і Яго дзеянне ў жыцці кожнага чалавека: Ён дае суцяшэнне і адвагу перажываць розныя складаныя моманты ў жыцці, а таксама дапамагае ў радасці перажываць штодзённае жыццё. Таксама дзеянне Духа Святога можна заўважыць у сям’і, калі мы імкнемся жыць у згодзе і павазе адзін з адным. Натуральна, што ў сем’ях узнікаюць розныя непаразуменні, але Дух Святы вядзе да еднасці, прабачэння і любові. Таксама святар падкрэсліў, што важна ставіць у прыклад Святую Сям’ю. І на яе ўзор імкнуцца будаваць свае ўласныя сем’і.

Калі скончылася святая Імша, дзеці і бацькі накіраваліся на вуліцу, дзе іх чакала вясёлая забаўляльная праграма, падрыхтаваная салезіянамі, сёстрамі салезіянкамі, салезiянамi супрацоўнікамі, аніматарамі, кандыдатамі ў анiматары i памочнікамі анiматараў.

Дзеці і бацькі мелі магчымасць паўдзельнічаць у розных стэндавых гульнях і зарабіць балы, якія пасля маглі абмяняць на “Хот-догі”. Адным з адметных стэндаў быў экалагічны, які даваў магчымасць паспрабаваць правільна весці сарціроўку рознага смецця, каб прычыніцца да яшчэ большага захавання нашай прыроды. Латарэя, кафэ, розныя сюрпрызы і забавы – усё гэта дзецям і бацькам вельмі падабалася і стварала клімат радасці і яшчэ больш святочнага настрою.

Напрыканцы свята быў падведзены вынік латарэі, у якой тры пераможцы атрымалі падарункі для ўсёй сям’і.

Скончылася свята салезіянскім слоўкам кс. Артура Ляшнеўскага SDB, благаслаўленнем кс. Казіміра Муравы SDB і супольным фотаздымкам.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзьце ўпэўнены, што той, хто адаруе Найсвяцейшы Сакрамэнт, мае надзейную дарогу і ўзнагароду вечнага збаўлення.

Св. Ян Боско