Пятніца, 10 Люты 2023 11:08

Люты: Пасланне Генеральнага Настаяцеля кс. А. Арцімэ

Аўтар

“У ПРАЗЕ ПА БОГУ ЗНАХОДЗІЦЦА ЗНАЧНА БОЛЕЙ,                   ЧЫМ МЫ МОЖАМ САБЕ ДУМАЦЬ”.

Сёння мы маем вялікую патрэбу ў тым, каб слухаць, вясці свабодны і бескарыслівы дыялог, мець асабістыя сустрэчы, у якіх няма асуджэння і прадузятасці, і вельмі патрабуем ціхай прысутнасці ў Богу.

Дарагія сябры штомесячніка Il Bollettino Salesiano, усяго гадзіну таму я прысутнічаў на пахаванні Папы эмерыта Бэнэдыкта ХVI. Менавіта ён праз год пасля прыняцця папскага сана напісаў бліскучую энцыкліку “Deus Caritas est”, у якой ёсць выказванне, якое, мне здаецца, можа быць эсэнцыяй цудоўнага водару хрысціянскай думкі: “На зачатку быцця хрысціянінам не стаіць этычнае рашэнне, альбо вялікая ідэя, але хутчэй сустрэча з падзеяй, з Асобай, якая прапануе жыццю цалкам новы гарызонт  і, тым самым, галоўны напрамак” (Deus Caritas est, 1). Гэтай асобай, безумоўна, з’яўляецца Езус Хрыстус. І, пачынаючы з гэтага сцвярджэння, Бэнэдыкт ХVI пакінуў нам наступныя выказванні:

  • Езус Хрыстус ёсць Праўда, якая стала Асобай; Ён прыцягвае свет да сябе.
  • Свет, які выпраменьвае Езус, – гэта ззянне Праўды. Любая іншая Праўда – гэта толькі фрагмент той Праўды, якой ёсць Ён, і спасылаецца ад Яго. 
  • Езус ёсць Палярнай зоркай чалавечай свабоды: без Яго яна губляе арыентацыю, бо без спазнання праўды выраджаецца, ізалюецца і зводзіцца да бясплоднага свавольства. 
  • З ім свабода зноў знаходзіць сябе, спазнае, што створана для дабра і спазнае сябе праз дзеянні і адносіны дабрачыннай любові.
  • Гэта азначае, што Езус дае чалавеку дасканалыя і блізкія адносіны з праўдай і заклікае яго заўсёды жыць у ёй. 
  • Нішто не можа так стымуляваць чалавечы інтэлект да недаследаваных гарызонтаў, як любоў да праўды. 
  • Езус Хрыстус, які з’яўляецца поўняй праўды, прыцягвае да сябе сэрца кожнага чалавека, павялічвае яго і напаўняе радасцю. 

У гэтых некалькіх грунтоўных і сціслых сказах знаходзіцца ўсё хрысціянскае вучэнне, якое і блізка не з’яўляецца “мараллю” ці наборам халодных і далёкіх ад жыцця правілаў. Хрысціянскае жыццё – гэта, перадусім, рэальная сустрэча з Богам. 

Менавіта аб гэтым я сведчыў у назве гэтага паслання. Прага па Богу, на маю думку і згодна з маім глыбокім перакананнем, значна большая, чым нам здаецца і чым мы сабе ўяўляем. Я не кажу, што хацеў бы змяніць статыстыку сацыялагічных даследванняў, ці намаляваць нейкую выдуманую рэальнасць. Без сумніваў, я не маю такога намеру, але я хацеў бы дапамагчы вам зразумець, што тое, што вельмі часта знаходзім пры сустрэчах  “тварам да твару” з рэальным жыццём многіх людзей, айцоў і маці, многіх сямей, падлеткаў і маладых людзей – гэта жыццё, якое не з’яўляецца лёгкім. Жыццё, якое штодня трэба “аздараўляць”, чалавечыя адносіны, якія жадаюць і патрабуюць любові, і ў якіх патрэбны клопат аб кожным маленькім жэсце, аб кожнай маленькай дэталі ў кожным дзеянні. І ў гэтых сустрэчах “тварам да твару” нам вельмі неабходна слухаць, весці свабодны і бескарыслівы дыялог, мець асабістыя сустрэчы, у часе якіх не судзіць і не асуджаць, і вельмі патрабуем цішыні і прысутнасці ў Богу. 

Кажу так, бо ў гэтым я перакананы. Менавіта тут, на Вальдокко ў Турыне, дзе я знаходжуся, мяне здзіўляе і напаўняе радасцю, калі група маладых людзей падхоплівае ініцыятыву і кліча іншых, каб разам правесці гадзіну ў цішыні і малітве перад Езусам у Эўхарыстыі, то бок правесці гадзіну ў Эўхарыстычнай Адарацыі – і на дамоўленую сустрэчу прыйдзе сотня чалавек, прычым многія з іх  – моладзь. Альбо ў Рыме, у касцёле Найсвяцейшага Сэрца, мы збіраліся кожны чацверг вечарам – моладзь і маладыя пары, некаторыя са сваім дзецьмі, а таксама пары заручаных, бо адчувалі, што патрабуем сустрэчы з Асобай, якая надае нашаму жыццю сэнс. 

Прыкладна так я перажыў гэта ў многіх краінах і месцах. Таму заклікаю вас гэтымі радкамі дзейнічаць так, як бы гэта рабіў Дон Боско. Без хвіліны сумніваў ён прапаноўваў сваім хлопцам магчымасць сустрэчы з Езусам. Ну, а ўжо Бог, той каторы ёсць, Бог, каторы з намі, як мы гэта святкавалі на Божае Нараджэнне, заўсёды ёсць той самы Бог, які кліча, які дае супакой і ўпэўненасць у кожнай асабістай сустрэчы, у кожным моманце прабывання ў Ім. 

  Успамінаю адзін са шматлікіх “сюрпрызаў” Дона Боско. У сваіх успамінах ён піша: “Я ўвайшоў у касцёл і ўбачыў маладога чалавека, узнесенага на вышыню табэрнакулюма, з задняга боку алтара, на хорах, які адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт, кленчачы ў паветры са схіленай і абапёртай на табэрнакулюм галавой, у далікатным экстазе любові, быццам нейкі нябесны серафім. Я паклікаў яго па імені. Ён адразу апрытомнеў, усхваляваны апусціўся на зямлю і прасіў мяне, каб я нікому аб гэтым не распавядаў. Яшчэ раз кажу, што мог бы распавесці аб шматлікіх падобных падзеях , каб паказаць, што за ўсё добрае, што чыніць Дон Боско, ён асбліва ўдзячны сваім сынам”. 

  Ці магчыма, што Езус, які стала з’яўляецца тым самым Богам, які хоча сёння сустрэцца з намі і многімі іншымі, а мы саромеемся і баімся пайсці гэтай дарогай? Ці магчыма, што многія з нас не адважацца паклікаць іншых, каб яны адчулі тое, што перажываем мы і што было дадзена і прапанавана нам задарма? Ці магчыма, што калі нам кажуць, што ўсё гэта несучасна і малаактуальна – мы верым гэтым шматлікім негатыўным пасланням і страчваем сілы сведчыць аб тым, што многія з нас працягваюць цешыцца з кожнай асабістай сустрэчы з тым, хто з’яўляецца Панам жыцця?

  Папа Бэнэдыкт быў упэўнены, што яго вера і яго жыццё стала з’яўляліся “слушнымі” – і гэта выдатна: ён сустрэўся са сваім Панам. Так з ім развітаўся Папа Францішак у апошніх словах сваёй гаміліі: “Бэнэдыкт, верны сябр Жаніха, няхай твая радасць цяпер дасягне дасканаласці, калі ты канчаткова і заўсёды будзеш чуць Яго голас!” 

  Таму, мае сябры, давайце працягваць гэтыя сустрэчы з Жыццём, якія надаюць нашаму жыццю глыбіню, бо “прага па Богу” ёсць большая, чым кажуць, большая, чым мы сабе ўяўляем.

 

  Паводле Bolletino Salesiano, люты 2023

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Малады і недысцыплінаваны чалавек заўсёды будзе нешчаслівым.

Св. Ян Боско