Свята распачалося св. Імшой а 19 гадзіне. Падчас гаміліі быў зачытаны ліст ад арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча, які не змог прысутнічаць на ўрачыстачці па пэўных прычынах. Іерарх адзначыў: “Сённяшняе Евангелле нагадвае нам пра тое, што любоў св. Яна Боско да моладзі была заснавана на прыкладзе Езуса, які ставіў свае патрэбы на апошняе месца, а патрэбы іншых – на першае”. Прыгадваючы добрае святкаванне 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі, арцыбіскуп эмерыт запрашаў сёння маліцца аб тым, каб прыклад кс. Боско дапамог нам лепей зразумець надзвычайную прыроду любові Езуса да нас і натхніў паставіць яе ў цэнтры ўсіх нашых адносін з іншымі людзьмі: каб мы любілі адзін аднаго так, як Езус палюбіў нас.
Пасля прачытання ліста салезіяне супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні, а кандыдатка Ірына Картузава ўпершыню склала свае абяцанні як салезіянка супрацоўніца.
Пасля св. Імшы ўсе былі запрошаны ў араторый імя св. Яна Боско на традыцыйную салезіянскую гульню – лато. Было шмат катэгорый, дзе ўдзельнікі маглі выйграць прыз. Галоўны прыз – кніга “Новая біяграфія Дона Боско”, сертыфікат у магазін ГІПА і сертыфікат на бясплатную вучобу ў аўташколе – выйграў Мікалай Карабко. Падчас гульні ўдзельнікі змаглі паспяваць разам з гуртам BoscoBand і праглядзець відэа пра кс. Боско, у якім удзельнічалі парафіяне. Важным момантам была каляда ў араторыі. Кс. Аляксандр Мятліцкі SDB правёў малітву і прайшоў па араторыю, каб асвяціць памяшканні.
Напрыканцы свята была прадстаўлена невялічкая сцэнка як “слоўка на добрую ноч”, у якой паказалася важнасць быць “закваскай” у сучаснай чалавечай сям’і, аб чым кажацца ў дэвізе салезіянскай сям’і на 2023 год.