Аўторак, 31 Студзень 2023 09:56

У Смаргоні адзначылі свята ў гонар св. Яна Боско

Аўтар

29 студзеня ў смаргонскім араторыі, які працуе пры парафіі Св. Міхала Арханёла, адбылося свята ў гонар св. Яна Боско.  Галоўная ідэя метаду ксяндза Боско — нястомны пошук дабра, якое знаходзіцца ў іншай асобе. У кожным чалавеку ёсць нешта добрае, можа, прысутнае ў зародку, што аднойчы зможа расквітнець. Проста для гэтага неабходны асаблівы клімат, які і імкнуцца пашыраць у смаргонскім араторыі. 

Свята распачалося св. Імшой, падчас якой кс Артур Ляшнеўскі SDB звярнуў увагу ўсіх прысутных на тое, што сапраўды шчаслівым можна назваць чалавека, які імкнецца, каб Бог быў у цэнтры ўсяго яго жыцця. Таксама святар нагадаў, што Бог чакае кожнага ў сваім доме, падчас кожнай св. Імшы, у сакрамэнце паяднання.

Пасля Імшы дзеці і іх бацькі накіраваліся ў араторый. У праграме было прапанавана прыпомніць цікавыя моманты і асаблівых людзей, якіх св. Ян Боско сустрэў у сваім жыцці. Дзеці пабывалі ў доме мамы Маргарыты, сустрэліся з адным з выхаванцаў араторыя – св. Дамінікам Савіо, пачулі пра першых салезіянскіх місіянераў у Аргенціне і згулялі ў цікавы футбол. Удзельнікаў свята асабліва зацікавіла св. Марыя Дамініка Мадзарэлло, якая пасля размовы з імі прапанавала разам зрабіць піцу.

Праз гульні, танцы, створаны клімат ва ўсіх панаваў радасны настрой. Асаблівым чынам дзеці чакалі часу, калі змогуць даведацца, чым частаваў ксёндз Боско калісьці сваіх хлопцаў падчас святочнага араторыя і паспрабаваць гэтыя пачастункі.

Напрыканцы было слоўка, якое заклікала прысутных умець радавацца таму, што мы маем і дзяліцца з бліжнімі сваімі талентамі.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Самае найлепшае, што можна зрабіць у гэтым свеце, — гэта прывесці згубленыя душы на шлях цнотаў, што вядзе да Бога.

Св. Ян Боско