Аўторак, 31 Студзень 2023 09:53

Успамін св. Яна Боско адзначылі ў Бараўлянах

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

29 студзеня салезіянская сям’я  Бараўлянаў урачыста адзначыла успамін святога Яна Боско. Падрыхтоўка да свята распачалася загадзя: на працягу дзевяці дзён парафіяне маліліся навэннай да святога апостала моладзі. Напярэдадні свята у суботу 28 студзеня адбылося адмысловае набажэнства “Транзітус” - гэта значыць пераход душы святога Яна Боско ад зямнога жыцця да Нябеснага Валадарства. Падчас гэтага набажэнства вернікі маліліся і разважалі над апошнімі момантамі жыцця святога.

У нядзялю адбылася святочная Эўхарыстыя, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Падчас казання святар адзначыў, што ў сённяшнім свеце вельмі папулярныя розныя спецыялісты ў шматлікіх галінах. Так і ксёндз Боско быў спецыялістам у выхаванні моладзі, але і спецыялістам у планаванні свайго часу. Ксёндз Боско разумеў, што час - гэта вялікі дар і ўмеў так ім карыстацца, каб паспяваць рабіць шматлікія рэчы і рабіць іх добра. 

Таксама ў ксяндза Боско трэба павучыцца быць сучасным. Ён заўсёды карыстаўся перадавымі тэхналогіямі свайго часу дзеля збаўлення маладога чалавека. Гледзячы на асобу ксяндза Боско, таксама варта адзначыць, што ён умеў папярэджваць сваіх хлопцаў ад памылак, ён ствараў такія ўмовы, каб хлопцы не зграшылі. У араторыі былі моцныя правілы і вялікая загружанасць, накіраваныя на ўзрастанне маладога чалавека.

Наступная рэч, якой варта павучыцца ў кс. Боско - гэта радасць, бо ён быў вельмі жыццярадасным чалавекам. Гэтая радасць вынікала з усведамлення таго, што ён добра выконвае свае абавязкі.

“Падводзячы вынік, хочацца адзначыць, што кс. Боско, займаючыся хлопцамі і вучачы іх мудра карыстацца часам, вучыў іх перш за ўсё слухаць Бога. Хлопцы ў араторыі ўмелі слухаць Бога, а не толькі свае інстынкты, запатрабаванні часу. Яны вучыліся слухаць Бога і сваё сэрца, гэтаму вучыў кс. Боско”, - падкрэсліў дэлегат.

Важным момантам падчас святой Імшы стала аднаўленне абяцанняў салезіянамі супрацоўнікамі, прадстаўнікамі свецкай галіны салезіянскай сям’і, якую заснаваў святы Ян Боско.

Пасля завяршэння Эўхарыстыі ўсе прысутныя былі запрошаны на святочную праграму ў араторый, які дзейнічае пры парафіі. Падчас праграмы традыцыйна былі спевы, сцэнкі, танцы і панавала атмасфера сямейнага свята ў салезіянскім стылі. Павіншавала моладзь са святам і сваіх святароў: ксяндзоў Віктара Гайдукевіча SDB, Паўла Шчарбіцкага SDB, Казіміра Шыдэлко SDB, а таксама сястру Дар’ю Еўтухоўскую FMA.

Напрыканцы праграмы слоўка да сабраных прамовіў ксёндз Казімір Шыдэлко SDB. Святар разважаў над дэвізам салезіянскай сям’і на гэты год, які падкрэслівае асаблівую ролю свецкіх: “Быць закваскай у сучаснай чалавечай сям’і”. Пробашч падкрэсліў, што кожны хрысціянін павінен несці адказнасць за супольную справу Касцёла. Мы павінны ўзрастаць у сваёй веры і дзяліцца ёю з іншымі, такім чынам будзе пашырацца і парафія, і Божае Валадарства на зямлі.

Завяршылася свята малітвай і салодкім сталом.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Давярайце сваё жыццё Марыі і ўбачыце, што такое цуды.

Св. Ян Боско