Пятніца, 20 Студзень 2023 09:27

Пасланне Генеральнага Настаяцеля – Студзень 2023

Аўтар

ТОЙ ЮНАК МНЕ СКАЗАЎ:“… МАЁЙ ВЯЛІКАЙ ЛЮБОЎЮ ЁСЦЬ ХРЫСТУС”.

Ужо шмат гадоў я не чуў ад ніводнага юнака такіх слоў, вымаўленых так проста, у прысутнасці ўсіх яго прыяцеляў, што ў тую хвіліну тоўпіліся вакол нас. 



  Дарагія сябры штомесячніка Il Bollettino Salesiano, “перапплылі мы” стары год, як кажуць маракі, і стаім перад новым годам. Кожны пачатак мае ў сабе штосьці магічнае, і тое, што з’яўляецца новым, мае заўсёды сваё асаблівае зачараванне. 2023 год здаваўся далёкім, але вось ён ужо і тут. Новы год – гэта заўсёды абяцанне, што і да нас прыйдуць нейкія добрыя навіны. Новы год бярэ пачатак са святла і захаплення, якія мы атрымалі на Свята Божага Нараджэння. 

  “Усё нараджаецца ў свой час”, – кажа Эклізіяст у Бібліі. Ніколі не позна пачаць усё нанова. Бог заўсёды пачынае з намі ад пачатку і напаўняе нас сваім бласлаўленнем. 

  За апошнія гады я навучыўся адной рэчы – рыхтавацца да неспадзяванак і нечаканых рэчаў. Як кажа святы Павел у адным са сваіх лістоў: “ … і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго” ( Кар 2,9 ). Зместам хрысціянскай надзеі з’яўляецца жыццё ў Божых абдымках. 

  Сёння вобраз жыцця, самавыяўлення і камунікацыі вельмі змяніліся. Але чалавечае сэрца, асабліва сэрца маладых людзей, заўсёды аднолькавае – як поўны жыцця вясновы парастак, гатовы вырвацца вонкі. Маладыя людзі з’яўляюцца надзеяй, каторая крочыць. 

  Тое, што я вам зараз даверу, мне здаецца, вельмі пасуе часопісу Il Bollettino Salesiano ў якасьці віншавання на студзень, “месяц дона Боско”.

  Некалькі тыдняў таму я наведаў салезіянскую справу ў Злучаных Штатах Амерыкі (ЗША). Аднойчы раніцай я прыехаў у сярэднюю школу “Святога Дамініка Савіо” ў Лос-Анжэлесе. Я правёў некалькі гадзін з сотнямі студэнтаў, а адразу пасля адбылася дыскусія з 45 вучнямі старэйшых класаў. Мы размаўлялі з імі аб іх уласных планах і марах. Гэта былі вельмі прыемныя і ўзбагачаючыя гадзіны.

 Дзесьці перад палуднем я разам з моладдзю падсілкаваўся на школьным надворку. З бутэрбродам у руцэ і бутэлькай вады я сядзеў за адным з драўляных сталоў, што былі там. У той момант са мной было яшчэ чацвёра салезіянаў. Я вітаў многіх маладых людзей, некаторыя з іх сядзелі за сталамі, іншыя стаялі. Гэта быў абед, прыпраўлены радасцю. У мяне за сталом яшчэ было два вольных месцы. Раптам прышлі два юнакі і прыселі да нас. Зразумела, я пачаў з імі размаўляць. Праз некалькі хвілін адзін з іх сказаў: “Хачу цябе аб чымсьці запытаць”. “Вядома, пытайся”, - адгукнуўся я.

Юнак працягваў: “Што я павінен рабіць, каб стаць Папам Рымскім?” Я быў здзіўлены, але ўсміхнуўся. Адказаў яму, што яшчэ ніколі не атрымліваў такога пытання і здзіўлены яго яснасцю і рашучасцю. Спантанна патлумачыў яму, што паміж 1 мільярдам і 600 мільёнамі католікаў існуе вялікая канкурэнцыя і быць выбраным Папам Рымскім не так лёгка. 

 Я прапанаваў яму: “Паслухай, ты б мог пачаць з таго, каб стаць салезіянінам”. 

 Хлопец з усмешкай адказаў: “Ну, я не кажу «не»”. І вельмі сур’ёзна дадаў: “Без сумніваў, маёй вялікай любоўю ёсць Хрыстус”. 

 Я павінен сказаць, што быў уражаны і прыемна здзіўлены. Думаю, што ўжо шмат гадоў я не чуў ад ніводнага юнака такіх слоў, вымаўленых так проста, у прысутнасці ўсіх яго прыяцеляў, што ў тую хвіліну тоўпіліся вакол нас. 

  Гэты хлопец меў прыемную і шчырую ўсмешку. Я сказаў яму, што мне вельмі падабаецца яго адказ, таму што я зразумеў, што ён быў цалкам шчыры. Я дадаў, што калі ён будзе згодны, то я быў бы рады распавесці аб гэтай размове калісьці і ў іншым месцы, што зараз і раблю. 

  Ужо ў тую хвіліну мае думкі імкнуліся да дона Боско. Ён, безумоўна, быў бы вельмі ўдзячны за такую размову таму хлопцу. Без сумніваў, у шматлікіх размовах з Савіо, Бесукко, Магонэ, Руа, Каджыльеры, Францэзі і многімі іншымі было шмат такога, там была прага гэтых юнакоў зрабіць са свайго жыцця штосьці прыгожае.  

  І я падумаў таксама аб тым, наколькі важным з’яўляецца сёння, праз 163 гады ад узнікнення Салезіянскай кангрэгацыі, працягваць глыбока верыць, што наша моладзь добрая, што мае ў сваіх сэрцах шмат зярнятак дабрыні, мае мары і планы, у якіх часта шмат шчодрасці і рашучасці аддаць сябе. 

  Як важна не пераставаць верыць, што Бог дзейнічае ў сэрцы кожнага з нас, у сэрцы кожнага свайго сына і кожнай дачкі. 

  Мне здаецца, што сёння, у наш час, мы знаходзімся ў небяспецы таго, калі на ўсё, што з намі адбываецца і што мы перажываем, будзем глядзець вачамі практычнасці і эфектыўнасці, і нам пагражае небяспека страціць здольнасць здзіўляцца як сабе, так і іншым  і, што яшчэ больш трывожна, здзіўляцца Богам. 

  Надзея – гэта як вулкан унутры нас, як таямнічая крыніца, што б’ецца ў сэрцы, як вясна, што ўзрываецца ў глыбіні душы. Яна праносіцца быццам Божы віхур, які ў сваёй Божай міласці падхоплівае нас. Думаю, што гэтак жа сама як і ўчора, у часы дона Боско, так і сёння ёсць тысячы і тысячы маладых, якія хочуць бачыць Езуса, прагнуць перажыць вопыт сяброўства з Ім і шукаюць кагосьці, хто б іх суправаджаў на гэтым прыгожым шляху. 

  Дарагія сябры часопісу Il Bollettino Salesiano, я запрашаю вас, каб вы далучыліся да іх і жадаю вам шмат часу на тое, каб вы маглі здзіўляць, каб вы маглі давяраць, глядзець на зоркі, часу на тое, каб расці і выспяваць, часу нанова спадзявацца і любіць. Я жадаю вам часу, каб вы маглі кожную гадзіну, кожны дзень перажываць як дар. Жадаю вам таксама часу, каб вы маглі прабачаць, які б маглі аддаваць іншым, і шмат часу, каб вы маглі маліцца, марыць і быць шчаслівымі.

 Паводле Il Bollettino Salesiano, студзень 2023

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Выкінце з вашага сэрца грэх і сувязь  з ім. Будзеце ведаць дастаткова, каб збавіць свае душы.

Св. Ян Боско