Пятніца, 20 Студзень 2023 09:02

Калядны канцэрт "Мой Бэтлеем" адбыўся ў Смаргоні

Аўтар Яна Старшынская

14 студзеня ў араторыі імя св. Яна Боско пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў Смаргоні прайшоў калядны канцэрт “Мой Бэтлеем”. Удзел у ім прынялі параф’яльны хор і група Verbum Dei з Мінску. Канцэртную праграму распачаў параф’яльны хор спевам “Gloria”. Далей слухачы маглі пачуць спевы не толькі на беларускай, але таксама на польскай, лацінскай і італьянскай мовах. Усе слухачы адчулі атмасферу Калядаў, а таксама пачулі спевы, якія яны ведаюць не першы год.  

А вось што самі ўдзельнікі распавядаюць пра фэст.

Ганна Баршчэўская: “Спевы гурта Verbum Dei чула шмат разоў, таму на калядны канцэрт з іх удзелам пайшла з задавальненнем. І не пашкадавала. Спевы гучалі на розных мовах. Словы некаторых мне былі вядомыя, таму з задавальненнем падпявала. Некаторыя чула ўпершыню. Было вельмі цікава. Атмасфера ў араторыі была неверагодная. Бачыла, як усе з захапленнем слухалі спевы, якія краналі за душу. Спадзяюся, што гэты канцэрт у нашай парафіі ў іх выкананні быў не апошні. Праслаўляць Бога праз спеў - гэта так цудоўна!” 

Вікторыя Бажко: “Адкрыўшы дзверы араторыя, я пачула гучную музыку і звонкія галасы. Мне здаецца, многія са мной пагадзяцца, было адчуванне, быццам голас кранаў сэрца, і па целе ішлі мурашкі. Я ўпэўнена, гурт Verbum Dei, які ззяў на сцэне, застанецца у памяці кожнага з прысутных”.   

Сястра Юлія Клевец FMA: “Гурт Verbum Dei я ведаю даўно, асабіста знаёма з многімі ўдзельнікамі. І вельмі задаволена, што ў суботу гурт завітаў у нашую парафію. Для мяне гурт Verbum Dei - гэта не толькі гурт прыгожага хрысціянскага спеву, але ў першую чаргу людзі, якія сведчаць праз спеў аб сваёй веры, аб сваіх адносінах з Богам, дзеляцца тым, што ляжыць на сэрцы. Кожны іх спеў прасякнуты любоўю да Бога, як малітва, удзельнікам якой ты становішся. Слухаеш іх, падпяваеш і сам не заўважаеш, як твае думкі ідуць у кірунку Неба. Дзякуй вам, Verbum Dei, за тое, што вы робіце!”

Анастасія Дудко: “Вялікі дзякуй гурту Verbum Dei. Вашыя спевы пранікаюць у глыбіню душы. Ад вашых галасоў бягуць мурашкі па скуры, а на вачах выступаюць слёзы! Гэта было цудоўна! Дзякуючы вам, мы змаглі ў іншы спосаб маліцца і праслаўляць Бога. Дзякуй Богу за вашыя таленты!”

Вялікі дзякуй гурту Verbum Dei за тое, што ахвяравалі свой час і падарылі нашай парафіі новыя ўспаміны!

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Не веды робяць нас святымі , але дабрадзейнасць.

Св. Ян Боско