Распачалася праграма са святой Імшы, якую узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
Падчас казання біскуп Юрый разам з дзецьмі паразважаў над тым, як трэба рыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Рыхтуючыся знешне, прыбіраючы і ўпрыгожваючы кватэру, набываючы падарункі, варта памятаць, што самае галоўнае - падрыхтаваць сваю душу, прыступіўшы да сакрамэнту споведзі.
“Каб мы заўважылі Езуса, абавязкова неабходна духоўная падрыхтоўка, малітва. Малітва – гэта нашая размова з Богам і гэта галоўная частка Божага Нараджэння”, – падкрэсліў іерарх.
Пасля св. Імшы ўсё накіраваліся ў араторый імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі. Там дзяцей чакала цікавая праграма і непасрэдна аплатак. Дзяцей сустрэлі тры каралі, якія шукалі Бэтлеем, дзе нарадзіўся Збаўца свету. Пры дапамозе дзетак і розных прыгод яны змаглі дайсці на мэты!
Пасля біскуп Юрый паблагаславіў аплаткі і кожны меў магчымасць падзяліцца ёй з біскупам, святарамі і паміж сабой, выказваючы найлепшыя зычэнні. Напрыканцы сустрэчы кожны атрымаў сімвалічны падарунак.