Серада, 21 Снежань 2022 14:12

Салезіяне прынялі ўдзел у адукацыйнай сустрэчы кансэкраваныя асобы паглыбілі сваю кампетэнцыю ў сферы кіравання, а таксама падзяліліся аплаткай

Аўтар

19 снежня ў цэнтры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, адбылася чацвёртая сустрэча ў межах праекту, скіраванага на ўзмацненне асабістых кампетэнцый кансэкраваных асоб.

З увагі на тое, што сустрэча адбывалася ў перыяд Адвэнту, яна была падзелена на дзве часткі: працоўную і святочную.

У межах першай часткі на навучальным занятку па курсе «Стратэгічнага кіравання манаскай супольнасцю», які для сабраных правёў кандыдат эканамічных навук, распрацоўшчык сістэм стратэгічнага і аперацыйнага мэнэджмэнту Андрэй Каралёў, удзельнікі навучальнай праграмы працягнулі працу ў камандах над кампанентамі стратэгіі.

Гэтым разам яны разгледзелі некаторыя асаблівасці фармавання і фармулявання місіі, бачання, каштоўнасцяў і стратэгічных мэт манаскіх ордэнаў і супольнасцяў. Абмеркавалі ў камандах вынікі выканання дамашняга задання.

Пасля сястра Вікторыя Чэкан, магістр педагогікі і псіхалогіі, медыцынскі псіхолаг, нейрапсіхолаг, спецыяліст у галіне падрыхтоўкі адказных за фармацыю да святарскага і манаскага жыцця, правяла трэці семінар у межах першага модуля, які быў прысвечаны некаторым аспектам афектыўна-сэксуальнай сталасці і яе ролі ў манаскім жыцці. Адзін з найважнейшых тэзісаў семінара заключаецца ва ўсведамленні таго, што сэксуальнасць набывае сапраўды чалавечую якасць толькі тады, калі яна арыентавана на каханне, гэта значыць узрастае і рэалізуецца ў свабодзе прымаць і аддаваць сябе ў каханні.

 

Пасля завяршэння працоўнай часткі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз Павел Лемех ОМІ.

Святар у прамоўленай гаміліі засяродзіўся на тым, што Божае Нараджэнне — гэта час для асабістай сустрэчы з Езусам; час, калі ёсць магчымасць убачыць асаблівую блізкасць Бога побач з намі.

Пры гэтым ён адзначыў, што святочная мітусня і шматлікія абавязкі ў перыяд Адвэнту могуць адцягнуць увагу ад галоўнага, таму трэба заўсёды памятаць сапраўдную сутнасць Божага Нараджэння, і што самым галоўным у гэтым свяце павінна быць прысутнасць Бога.

Наступным пунктам была аплаткавая сустрэча і святочная вячэра для ўдзельнікаў адукацыйнай праграмы.

Ад імя арганізацыйнага камітэта ўсіх прысутных з Божым Нараджэнням павіншаваў куратар праекта ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. З нагоды 25-й і 40-й гадавіны манаскага жыцця падарункі з рук святара атрымалі сястра Марцэліна Мігач ISSM і сястра Аліцыя Хелізановіч ISSM.

Пасля сабраныя падзяліліся аплаткай, выказалі адзін аднаму святочныя зычэнні, заспявалі калядкі і атрымалі сімвалічныя падарункі.

Наступная сустрэча ў межах адукацыйнай праграмы для кансэкраваных асоб адбудзецца 16 студзеня.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Той, хто не чувае, рызыкуе, што не будзе збаўлены, таму што яму не хапае часу, або волі, альбо Божай ласкі.

Св. Ян Боско