На сустрэчу былі запрошаны святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA, а таксама аніматары. Месца правядзення вельмі сімвалічнае, бо Жупраны былі адной з першых кропак на карце Беларусі, дзе пачала аднаўляцца салезіянская харызма пасля перыяду ваяўнічага атэізму. Тут часта адбываліся салезіянскія вакацыі з Богам у перыяд летняга адпачынку, зараз Жупраны зноў адчыняюць свае дзверы, каб прымаць салезіянскую сям’ю.
На пачатку сустрэчы да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Святар павіншаваў усіх з надыходзячымі святамі і таксама адзначыў, што на аплатак збіраецца сям’я, і што гэта не проста фармальнае слова. У салезіянаў прысутнічае сямейны дух, нягледзячы на ўсе цяжкасці, адрозненні, супярэчнасці. Дэлегат пажадаў і надалей развіваць гэтую сямейную атмасферу і працаваць над тым, каб яна развівалася і квітнела.
Пасля ўдзельнікі сустрэчы заспявалі калядкі і склалі адзін аднаму свае віншаванні. Таксама ў Жупраны завітала ажно два святых Мікалая, якія правялі некалькі вясёлых гульняў для ўсіх.
Напрыканцы была магчымасць падсілкавацца і правесці час за прыемнымі размовамі.