Панядзелак, 19 Снежань 2022 10:46

Салезіянская сям’я Смаргоні адзначыла ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Аўтар

8 снежня Касцёл адзначае ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Для салезіянаў гэта асаблівы дзень. Св. Ян Боско асаблівым чынам ушаноўваў Марыю пад тытулал Беззаганнай. Таксама ў гэты дзень быў заснаваны першы салезіянскі араторый.

Вернікі Смаргоні рыхтаваліся да гэтай урачыстасці падчас дзевяцідзённай навэнны, якая ўрачыста цэлебравалася ў касцёле пры выстаўленным Найсвяцейшым Сакрамэнце паводле салезіянскіх традыцый. Спеў падчас навэнны анімавалі члены асацыацыі ADMA. Падчас навэнны вернікі прыносілі да падножжа фігуры Марыі сімвалічныя лісты. У гэтых лістах людзі пісалі свае просьбы, падзякі, спадзяванні, якія давяралі Божай Маці падчас малітвы.

Кульмінацыяй стаўся сам дзень урачыстасці. На вячэрняй св. Імшы сабралося шмат вернікаў. Асаблівым чынам у гэты дзень былі падкрэслены члены “Легіёну Марыі”. Легіянеры анімавалі чытанне Божага Слова, ля алтара быў змешчаны іх штандар і сімволіка, а пасля св. Імшы легіянеры праводзілі размовы з парафіянамі, тлумачылі сваю дзейнасць і місію ў Касцёле.

На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася марыйная працэсія з касцёла да фігуры Беззаганнай Панны Марыі ля дома салезіянаў. Падчас працэсіі сабраныя неслі сімволіку “Легіёну Марыі”, кошык з лістамі, вянок для Беззаганнай. Вернікі спявалі тэкст ларэтанскай літаніі і неслі запаленыя знічы. Ля фігуры адбылося асвячэнне вянка для Панны Марыі. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB патлумачыў: “Вянок на галаве жанчыны – гэта сімвал дзявоцтва. Белыя кветкі ў вянку – знак чысціні. Зялёнае лісце – знак жывой надзеі. Так Божая Маці праз сваю чысціню і святасць падарыла свету жывую надзею – Хрыста”. Пасля асвячэння вянок быў апрануты на скроні фігуры Марыі. Пасля вернікі праз малітоўны тэкст аддаліся апецы Беззаганнай. Заканчэннем было спаленне ў вогнішчы напісаных Марыі лістоў. Спаленне – знак цалкавітага аддання. 

Пасля заканчэння малітоўнай часткі сабраныя пайшлі ў араторый.  Там іх чакала праграма ад аніматараў з нагоды дня нараджэння араторыя і прысмакі, падрыхтаваныя легіянерамі на салодкі стол. 

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзем заўсёды радаснымі, і час пройдзе хутка

Св. Ян Боско