Канцэрт распачаўся з малітвы, але ў гэтым годзе незвычайнай малітвы-спева, якую падрыхтавала Сафія Быкоўская з яе паплечніцамі. Таксама вядучыя с. Юлія Клевец FMA і кс. Артур Ляшнеўскі SDB прадставілі ўсім слухачам гісторыю жыцця святой Цэцыліі, каб бліжэй пазнаёміцца з яе асобай.
Традыцыйна аздобілі канцэртную праграму свайм спевам парафіяльны хор, а таксама дзіцячы хор “Вясёлыя ноткі”. Далучыліся да ўдзелу ў свяце моладзь і падлеткі. Салезіянскія аніматары падрыхтавалі вясёлы спеў пра араторый, моладзь гурта "15К" прапанавала паслухаць спеў праслаўлення, а “Савіо-клуб” заспяваў свой гімн.
Аднак не толькі розныя суполкі змаглі падзяліцца сваімі талентамі. На свяце можна было ўбачыць і сольнае выступленне Ганны Садоўскай з кранальным спевам, а таксама дуэт Ганны Каспяровіч і кс. Артура Ляшнеўскага SBD са спевам уласнага складання. Напрыканцы фестывалю свой нумар прадставілі салезіяне супрацоўнікі, якія падкрэслілі сямейны дух свята. Скончылася свята супольным спевам гімна араторыя ўсімі удзельнікамі "Цэцыліяды", малітвай і благаслаўленнем, пасля чаго ўсе атрымалі салодкія падарункі.
Як і кожны год, “Цэцыліяда” у Смаргоні збірае шмат творчых людзей, якія прагнуць падзяліцца сваімі здольнасцямі, пазнаёміцца і знайсці новых сяброў, узбагаціцца духоўна, але самае галоўнае — падзякаваць і праславіць Нябеснага Айца сваімі талентамі.
Шчыра дзякуем усім, хто далучыўся да ўдзелу і падрыхтоўкі гэтага прыгожага свята.