20 лістапада ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай, якая месціцца на тэрыторыі палаца-паркавага комплекса Агінскіх у Залессі, адбыўся традыцыйны адпуст у гонар Марыі, Маці Міласэрнасці. Галоўным цэлебрантам адпустовай Эўхарыстыі быў кс. дэкан Антоні Казлоўскі, пробашч парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе, гамілію прамовіў кс. Вадзім Сурвіла, пробашч парафій ў Войстаме і Данюшаве. Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі салезіяне, якія нясуць сваё служэнне ў Залессі: кс. канонік Здзіслаў Вэдэр, кс. Міхаіл Радзевіч і пробашч парафіі кс. Артур Ляшнеўскі. Таксама на ўрачыстасці прысутнічалі сёстры салезіянкі.
Падчас гаміліі кс. Вадзім Сурвіла распавёў сабраным гісторыю ўзнікнення абраза ў Вострай Браме і яго сімволіку. Святар заклікаў вернікаў быць міласэрнымі як Марыя: прабачаць, любіць, несці супакой. Літургію св. Імшы ўпрыгожыў парафіяльны хор са Смаргоні.
На канец Эўхарыстыі пад гук звана і эўхарыстычных спеваў адбылася тэафарычная працэсія вакол капліцы роду Агінскіх. Пасля радаснага “Te Deum” і благаслаўлення вернікаў Залесся павіншавала са святам дырэктар музея палаца-паркавага комплекса Агінскіх.