Аўторак, 22 Лістапад 2022 00:54

У Смаргоні адбылося свята для дзяцей у гонар Хрыста Валадара

Аўтар

20  лістапада ў смаргонскім араторыі св. Яна Боско пры парафіі св. Міхала Арханёла адсвяткавалі Свята Хрыста Валадара для дзяцей.

Свята распачалося св. Імшой, падчас якой кс. Міхаіл Радзевіч SDB асаблівым чынам звярнуў увагу на тое, што Божае Валадарства трывае таму, што Бог любіць сваіх дзяцей. Святар адзначыў, што кожны з нас павінен імкнуцца адкрыць сваё сэрца для Езуса, каб Ён быў Валадаром нашага жыцця.

Пасля св. Імшы дзеці накіраваліся ў араторый.  Падчас святочнай праграмы дзеці змаглі сустрэцца з героямі, якія спрабавалі даказаць, хто з іх лепшы і хто сапраўдны кароль.  

Для ўдзельнікаў было падрыхтавана шмат цікавых гульняў і забаўляльных момантаў. Асабліва дзецям падабалася гульня-спеў “Гэты спеў для цара”.

Адзін з герояў падзяліўся з дзецьмі сваімі смачнымі пладамі, расказаў ім пра дары, якія можна знайсці ў агародзе і ў садзе. Дзеці з радасцю разглядалі, а таксама з вялікім захапленнем атрымоўвалі некаторыя восеньскія дары.

На заканчэнне свята дзеці пачулі слоўка, падчас якога было падкрэслена, што Валадарства Божае павінна ўзрастаць сярод нас там, дзе мы прабываем – у школе, у сем’ях, сярод сяброў. Кожны з нас павінен змагацца, каб Божыя справы перамагалі ў жыцці.

Пасля слоўка прысутных чакалі агульны фотаздымак і салодкі пачастунак.

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Будзь радасным, але няхай гэтая радасць будзе шчырая, якая зыходзіць з усведамлення, вольнага ад граху. Нашаю апораю з’яўляюцца радасць, малітва і святая Камунія

Св. Ян Боско