Сустрэча распачалася інтэграцыйнай гульнёй, знаёмствам і супольнай вячэрай. Пасля пасілку фізічнага міністранты мелі магчымасць атрымаць пасілак духоўны. У касцёле св. Міхала Арханёла была праведзена адарацыя пад назвай “Малы Закхей”, падчас якой сабраныя мелі магчымасць паразважаць над сваімі абмежаваннямі і магчымасцямі сустрэць жывога Бога.
У суботу міністранты ўдзельнічалі ў тэматычных канферэнцыях, у якіх кс. Артур Ляшнеўскі SDB і кс. Міхаіл Радзевіч SDB распавядалі пра памерлых вернікаў і пра абрады пахавання ў касцёле. Пасля ўдзельнікі мелі магчымасць схадзіць у паход і пагуляць у запланаваную спецыяльна для хлопцаў гульню. Вечар ўдзельнікі з’езда завяршылі Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў кс. Казімір Шыдэлко SDB, пробашч з Бараўлянаў. У гаміліі кс. Казімір распавёў хлопцам пра сваё пакліканне і аб тым, як важна слухаць у сваім жыцці голас Пана.
У нядзелю пасля супольнай ютрані міністранты ўзялі ўдзел у святочнай святой Імшы з вернікамі Смаргоні. Галоўным цэлебрантам Эўхарыстыі быў кс. Аляксандр Мятліцкі SDB, пробашч парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску. Падчас гаміліі кс. Аляксандр разважаў з сабранамі на тэму паклікання і таго, як важна быць паслухмяным волі Божай.
З’езд закончыўся супольным здымкам і абедам.