Аўторак, 04 Кастрычнік 2022 09:47

АДПУСТОВАЯ ЎРАЧЫСТАСЦЬ У ГОНАР СВ. МІХАЛА АРХАНЁЛА ПРАЙШЛА Ў СМАРГОНІ

Аўтар

29 верасня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць у гонар галоўнага нябеснага заступніка парафіі. Увесь дзень вернікі прыходзілі на ўрачыстыя святыя Імшы ў гонар св. Міхала. Галоўная адпустовая святая Імша цэлебравалася вечарам а 18-й гадзіне. На ўрачыстасць сабраліся шматлікія парафіяне і духавенства.

Парафіяне духоўна рыхтаваліся да ўрачыстасці. На працягу дзевяці дзён вернікі маліліся навэнну да святога Арханёла. У ноч з 28-га на 29-га верасня ў касцёле было арганізавана вігілійнае чуванне, на якім прадстаўнікі розных груп і колаў маліліся ў розных інтэнцыях парафіі і нашай Айчыны, а перад адпустовай Эўхарыстыяй парафіяне ўпершыню заспявалі гадзінкі ў гонар апекуна парафіі.

Узначаліў адпустовую урачыстасць у Смаргоні і прамовіў Божае Слова да сабраных вернікаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Падчас гаміліі іерарх звярнуў увагу на важнасць Божага Слова ў нашым жыцці. Біскуп падкрэсліў, што ўважлівае слуханне і прыняцце Слова Пана дае нам гарантыю зрабіць у жыцці правільны выбар. На Эўхарыстыю прыбылі шматлікія госці: кс. Віктар Гайдукевіч SDB, вікарый дэлегата беларускіх салезіянаў, кс. Здзіслаў Пікула SDB, пробашч з Дзятлава, кс. Юзаф Занеўскі SDB, пробашч з Жупранаў, кс. Леанард Станкоўскі, пробашч з Солаў, кс. Антоні Казлоўскі, пробашч з Вішнева, кс. Вадзім Сурвіла, пробашч з Войстама і Данюшава, кс. Павел Гардзейчык, пробаш з Жодзішак, кс. Юрый Церабей, пробашч з Крэва. Прысутнічалі на ўрачыстасці таксама смаргонскія салезіяне і сёстры салезіянкі. Важнай была прысутнасць на адпустовай урачыстасці старшыні мясцовага райвыканкама спадара Генадзія Харужыка.

Пасля Эўхарыстыі адбылася тэафарычная працэсія па вуліцах горада, якую ўзначаліў бп. Аляксандр Яшэўскі SDB. Пасля эўхарыстычнага шэсця сабраныя заспявалі радаснае “Te Deum” і вырушылі на вуліцу ў бок манаскага дома салезіянаў, дзе была ўсталявана фігура Божай Маці і памятная табліца ў гонар 100-гадовага юбілею прысутнасці таварыства св. Францішка Сальскага на беларускіх землях.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Жыццё з крыжам вядзе да Бога.

Св. Ян Боско