На свяце прысутнічалі дзеці разам з бацькамі, а таксама аніматары клуба, якія дапамагаюць удзельнікам узрастаць у святасці па прыкладу св. Дамініка Савіо.
На сустрэчы адбылося знаёмства з дзейнасцю суполкі, прагляд прэзентацыі з мінулага года і прадстаўленне аніматараў. Не абышлося без вясёлых танцаў і гульняў. Выпускнікі клуба падзяліліся сваімі ўражаннямі і вопытам трохгадовай фармацыі, а таксама далі малодшым параду не губляць час і цаніць кожны момант прабывання ў клубе.
У гэтым годзе “Савіо-клуб” папоўніўся 18-ццю ўдзельнікамі, навучэнцамі 5- 6-х класаў. Зараз клуб налічвае каля 50 дзяцей ва ўзросце ад 10 да 14 год.
Клуб у араторыі пры парафіі дзейнічае ўжо больш за 10 год. У ім дзеці разам з аніматарамі і салезіянамі супрацоўнікамі шукаюць уласны шлях да святасці праз сумесныя малітвы, духоўныя размовы, віктарыны, гульні, вандроўкі.
Падчас свята 8 хлопцаў і дзяўчат, якія скончылі трохгадовую фармацыю, атрымалі памятныя дыпломы і кубкі з эмблемай “Савіо-клуба”.
Напрыканцы сустрэчы с. Юлія Клевец FMA падзялілася з прысутнымі слоўкам на дабранач.
“Савіо-клуб” – гэта добрая магчымасць знайсці сапраўдных сяброў і паплечнікаў, разам з якімі лягчэй імкнуцца да дасягнення святасці.
Вясёлы вечар скончыўся святочным салодкім сталом.