Аўторак, 27 Верасень 2022 11:15

Урачыстае завяршэнне святкавання юбілею 100-годдзя прысутнасці салезіянаў на Беларусі адбылося ў Мінску

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

25 верасня адбыўся працяг святочнай праграмы, кульмінацыйным пунктам якой стала ўрачыстая святая Імша падзякі за стогадовую дзейнасць салезіянскага таварыства на нашых землях.

Святочнасць і важнасць падзеі падкрэслівала прысутнасць трох біскупаў: шаноўнага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага на пенсіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, біскупа Юрыя Касабуцкага і  біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB. Таксама на ўрачыстай Эўхарыстыі сабраліся ўсе сабраты салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, прадстаўнікі суполкі ADMA, аніматары, дзеці, моладзь, парафіяне, а таксама ўсе, каму блізкая салезіянская харызма.

Перад пачаткам літургіі з уступным словам да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Ксёндз Павел прывітаў усіх, хто сабраўся на свята, каб разам памаліцца і падзякаваць. Настаяцель прывітаў іерархаў, прысутнасць якіх падкрэслівае прыналежнасць і еднасць салезіянскага таварыства да сусветнага Касцёла. Асаблівым чынам дэлегат прывітаў сабратоў, бо стагоддзе з’яўляецца менавіта іх святам, а таксама ўсю салезіянскую сям’ю, дзяцей і моладзь. Кс. Павел запрасіў біскупа Аляксандра ўзначаліць святую Імшу і ахвяраваць яе за памерлых сабратоў, якія працавалі і неслі салезіянскую харызму на нашых землях.

Казанне прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Салезіянскі біскуп разважаў, што як і першыя салезіяне на нашых землях, так і сучасныя напэўна, натхняюцца шматлікімі цнотамі свайго заснавальніка: “Са шматлікіх цнотаў святога Яна Боско я хацеў бы паразважаць прынамсі над чатырма: над руплівасцю, дабрынёй, даверам да Бога і любоўю да Марыі, Успамогі Хрысціянаў”.

Рупліваць - гэта тая характарыстыка, якая ўласціва Яну Боско з самага дзяцінства, калі ён выкарыстоўваў свае шматлікія таленты, каб распавядаць пра Бога сваім аднагодкам. “Руплівасць – вялікая цнота, але калі яе не стрымліваць, яна можа стаць празмернай. Ксёндз Боско засвоіў гэты ўрок яшчэ ў дзевяць гадоў пасля сімвалічнага сну. З самага пачатку свайго святарскага служэння святы Ян Боско з дабрынёй ставіўся да жорсткіх і цяжкіх маладых людзей, якіх сустракаў. І яны туліліся да гэтага ахвярнага святара, бачачы ў ім жывы вобраз Бога”.

Цноту дабрыні ў жыцці Яна Боско падкрэслівае святы, якога ён абраў апекуном новазаснаванага таварыства, Францішак Сальскі. “Далікатны біскуп, які, як вядома, вучыў, што з дапамогаю мёду ловіцца больш мух, чым з дапамогаю воцату. Сапраўды, тое, аб чым св. Павел прасіў у філіпянаў, споўнілася ў асобе заснавальніка салезіянаў: «Ваша дабрыня павінна быць вядомая ўсім» (Флп 4,5)”. Біскуп падкрэсліў таксама, што добрых людзей часта могуць выкарыстоўваць, але ксёндз Боско не быў неразумным і спалучаў сваю дабрыню з мудрасцю і кемлівасцю.

Даверам да Бога прасякнута ўсё жыццё заснавальніка салезіянскага таварыства. “Нават калі ксёндз Боско сутыкаўся з цяжкасцямі, якія здаваліся непераадольнымі, яго сэрца і розум ахоўваліся Божым спакоем; яго давер да Божага Провіду быў непахісным і, магчыма, таму ён крыху нерваваў тых, хто быў побач”, – падкрэсліў іерарх.

Давер да Марыі Успамогі падкрэсліваецца і велічнай базылікай, пабудаванай святым у Яе гонар, шматлікімі малітоўнамі заклікамі да Яе, а таксама тым, што менавіта Марыі Успамозе ён прысвяціў сваю кангрэгацыю.

“Руплівасць, дабрыня, давер да Бога, любоў да Божай Маці – гэтыя рысы нашага заснавальніка натхнялі нашых сабратоў, калі яны прыбылі на тэрыторыю нашай краіны сто год таму, і з тых часоў тут ярка гарыць полымя гэтага салезіянскага духу. Сыны святога ксяндза Боско працягваюць і сёння сведчыць аб радасці Евангелля, як гэта рабілі папярэднікі на працягу ўсіх гадоў. Гэты ж дух звязвае салезіянскую сям’ю ва ўсім свеце, працягваючы справу Добрага Пастыра, які шукае і вяртае тых, хто згубіўся, хворы ці паранены”.

“Салезіянская харызма стварае, абуджаючы сумленне ў праўдзе рэчаў, каталіцкую культуру, якая зусім не з’яўляецца «фанатычнай» ці «дэзарыентаванай». Спорт, тэатр, кампетэнтнасць, пабожнасць…– усё з’яўляецца рэальным, і ўсё ўтварае звычкі, якія разам фарміруюць культурны стыль жыцця. Чалавек жыве ў гэтым свеце, але становіцца адкрыты на трансцэндэнтнасць іншага свету. «Хадзіце нагамі па зямлі, а сэрцам жывіце на нябёсах», – казаў ксёндз Боско.

І гэта самае лепшае, што прапануюць салезіяне. Дзякую вам, мае дарагія сабраты, сыны ксяндза Боско, за служэнне народу нашай краіны.

Падчас сённяшняй удзячнасці за юбілейны год 100-гадовага служэння салезіянскага таварыства на Беларусі, я малюся, каб мы ўсе памяталі пра надзвычайную прыроду любові Езуса да нас і натхніліся несці такую шчодрую, практычную, верную і бескарыслівую любоў усім, а таксама, каб мы былі руплівымі, добрымі, няспынна давяралі Богу і любілі Яго Маці, Успамогу Хрысціянаў,” – такімі словамі біскуп Аляксандр завяршыў сваё казанне.

Пасля адбыўся акт прысвячэння салезіянскага таварыства Марыі, Успамозе Хрысціянаў, які разам прамовілі ўсе сабраты салезіяне, а пасля паклалі да падножжа Маці Божай прыгожыя белыя ружы.

Напрыканцы Імшы адбылося ўрачыстае замураванне капсулы з пасланнем для будучых пакаленняў, якую трэба будзе адчыніць праз сто год. Капсулу асвяціў біскуп Юрый Касабуцкі. Пасля біскуп Юрый звярнуўся да салезіянаў са словамі віншавання ад імя канферэнцыі каталіцкіх біскупаў. Біскуп Юрый узгадаў словы з Евангелля: “Па пладах пазнаеце іх”. Ён падкрэсліў, што сёння трэба дзякаваць салезіянам за плады той паслугі, якую яны неслі на нашых землях апошнія сто год, адзначыўшы, што мы не ўсе гэтыя плады заўважаем, але для Бога яны бачныя. Біскуп падкрэсліў, што насамрэч руплівасць вельмі ўласціва салезіянам і прыклады гэтай руплівасці ёсць сёння сярод нас. Імі можна назваць патрыярхаў салезіянаў ксяндзоў канонікаў Юзафа Занеўскага і Здзіслава Вэдэра. Напрыканцы іерарх пажадаў як мага больш пакліканняў у салезіянскай сям’і і замацаваў свае пажаданні словамі Евангелля: “Каб вы ішлі і прыносілі плён і каб плён ваш трываў”.

Узяў слова таксама і Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыбіскуп эмерыт падкрэсліў, што год святкавання юбілею быў вельмі насычаным, гэта былі канферэнцыі, сімпозіумы, выставы, спартыўныя мерапрыемствы, дабрачынныя акцыі. Усё гэта сведчыць аб тым, што салезіяне вядуць сваю дзейнасць у шматлікіх накірунках. Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў і вялікую падтрымку, якую салезіяне аказалі каталіцкаму Касцёлу падчас яго біскупскага служэння. Таксама шаноўны арцыбіскуп эмерыт сказаў, што заўважыў новую ітэрпрэтацыю слова салезіяне: “сале” – перакладаецца з італьянскага як соль, “зіяне” – асацыіруецца ў яго з ззяннем, а значыць святлом. І сапраўды, можна смела сцвярджаць, што на сённяшні дзень салезіяне з’яўляюцца соллю зямлі і святлом свету!

Даслаў віншаванні і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які па аб’ектыўных прычынах не змог прысутнічаць на ўрачыстасці. У сваім лісце біскуп адзначыў, што памятае салезіянаў у сваіх малітвах, і пажадаў апекі Божай Маці.

Павіншавала салезіянаў таксама і моладзь, якая падарыла кожнаму сабрату кавалак хлеба, які асацыіруецца з домам, цяплом і закваскай, якая ператварае прэснае цеста.

Пасля рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB падзякаваў кожнаму, хто далучыўся да падрыхтоўкі і ўдзелу ў святкаванні дадзенага юбілею: біскупам, сабратам, кожнай суполцы і кожнаму чалавеку.

Падсумаванне ўсіх віншаванняў падвёў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Святар падкрэсліў, што сабраты салезіяне атрымалі вельмі прыгожае пасланне і заданне. Першае – ад моладзі, якая сказала, што падораны хлеб – гэта сімвал дома, каб супольнасці і араторыі былі сапраўдным домам для ўсіх. Другое пасланне ў новай інтэрпрэтацыі слова “салезіяне” ад арцыбіскупа эмерыта Тадэвуша – быць соллю, якая зз’яе і дадае смак іншым. Біскуп Юрый заклікаў ісці і прыносіць плён, які трывае, – гэта вельмі прыгожае заданне для ўсіх салезіянаў. І апошняе пасланне – пасланне ад ксяндза Боско, які накрэслівае шлях быць руплівымі, добрымі, давяраць Богу і любіць Маці Божую. “Вось з гэтымі прыгожымі пасланнямі і думкамі мы ідзем у наступнае стагоддзе, і ўжо напэўна з неба паглядзім, якія думкі і якія пачуцці будуць у нашых паслядоўнікаў і тых, хто будзе наследваць нашу харызму”, – падсумаваў біскуп Аляксандр.

Пасля на вуліцы каля касцёла Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў фігуру ксяндза Боско і табліцу з імёнамі салезіянаў, якія працавалі на Беларусі на працягу апошніх ста год.

Пасля завяршэнны малітоўнай часткі ўсе былі запрошаны ў будынак араторыя, які дзейнічае пры парафіі, дзе адбыўся абед і святочная праграма з танцамі, фокусамі, фотазонай і рознымі сюрпрызамі. Завяршылася свята традыцыйнымі ў салезіянаў трыма “Вітай, Марыя”.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Давярайце сваё жыццё Марыі і ўбачыце, што такое цуды.

Св. Ян Боско