Кожны дзень распачынаўся св. Імшой, якую цэлебраваў кс. Віталь Цыбульскі, пробашч парафіі.
Дзеці падчас адпачынку разважалі над тэмай “Сям’я – гэта скарб у маіх руках”. Дапамагаў ім у гэтым Маленькі прынц, які імкнуўся зразумець, якая сітуацыя сапраўды ёсць у нашых сем’ях. У працах па групах дзеці з дапамогай арганізатараў стараліся паглядзець, як узрастаць у любові адзін да аднаго ў сем’ях, як будаваць адносіны, як умець прабачаць і шукаць шляхі прымірэння, якія традыцыі і звычаі існуюць у нашых сем’ях і чаму важна іх захоўваць, як ўзрастаць у веры разам усёй сям’ёй і імкнуцца паглыбляць жывыя адносіны з Богам.
На працягу адпачынку дзецям былі прапанаваны цікавыя гульні, тэматычныя забаўляльныя праграмы, гурткі, дзе кожны мог навучыцца чамусьці новаму, а таксама знайсці новых сяброў. Асаблівым гульнявым момантам стаў “Пошук клада”, падчас якога дзеці, падзяліўшыся па камандах, выконвалі розныя заданні і адшукалі салодкі клад, якому былі вельмі рады.
Дзеці таксама мелі магчымасць наведаць Навагрудак, пазнаёміцца з яго гісторыяй і прыгожымі месцамі, з гісторыяй сясцёр назарэтанак.
Таксама кожны вечар удзельнікаў адпачынку чакалі вясёлыя вечары, падчас якіх дзеці маглі раскрыць свае таленты і проста разам правесці час у добры спосаб. На заканчэнне кожнага дня было слоўка, падрыхтаванае арганізатарамі.
Адпачынак завяршыўся момантам падзякі ўсім, хто прычыніўся да яго арганізацыі.