Нядзеля, 10 Ліпень 2022 09:33

Салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка пасля двухгадовага перапынку здзейсніла паломніцтва ў Будслаў

Аўтар Уладзіслаў Зарэцкі ASC

З 26 чэрвеня па 1 ліпеня 2022 года салезіянская моладзевая евангелізацыйная пілігрымка здзейсніла пешае паломніцтва ў Будслаў, галоўны Марыйны санктуарый Беларусі.

За шэсць дзён пілігрымы пад кіраўніцтвам рэгіянальнага настаяцеля салезіянскага таварыства на Беларусі ксяндза Паўла Шчарбіцкага SDB пераадолелі шлях у 105 кіламетраў і перажылі рэкалекцыі ў дарозе. 

Распачалася пілігрымка ў Смаргоні са святой Імшы, якая была прыміцыйнай для ксяндза Міхаіла Радзевіча SDB, атрымаўшага прэзбітэрскае пасвячэнне напярэдадні. Пасля Імшы пілігрымы атрымалі прыміцыйнае бласлаўленне, зрабілі агульны фотаздымак і вырушылі ў шлях.

Салезіянская пілігрымка разлічана ў першую чаргу на моладзь і мае евангелізацыйны характар. Гэта праяўляецца ў тым, што на сваім шляху пілігрымы імкнуцца да ўзаемадзеяння з насельніцтвам, раздаюць абразікі, запрашаюць на канферэнцыі і на евангелізацыйныя вечары. Тым самым імкнуцца сведчыць аб веры і аб радасці ад сустрэчы з Панам. 

Канферэнцыі ў гэтым годзе для пілігрымаў прамаўляў ксёндз Артур Ляшнеўскі SDB, які на працягу шасці дзён разважаў над дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства ксяндза Анхеля Фярнандэса Арціме SDB на бягучы год “Рабіце ўсё з любові і нічога праз сілу”. Святар выбраў шэсць тэм, якія дапамагалі раскрыць дэвіз і таксама знаёмілі з асобай святога Францішка Сальскага, са шляхам яго паклікання, яго стаўленнем да розных жыццёвых сітуацый і багатай духоўнай спадчынай, якая захавалася ў выглядзе кніг і карэспандэнцыі.

Надвор’е ў гэтым годзе падчас пілігрымкі было вельмі спякотным, таму ўдзельнікам даводзілася змагацца з мазалямі, сонечнымі апёкамі і пастаяннай гарачынёй. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, на шосты дзень СМЕП гучна і з радаснымі спевамі ўвайшла ў Будслаў і лягла крыжам на пляцу перад святыняй. Кожны прынёс да Маці Божай свае просьбы, падзякі і перапрашэнні. Для кожнага пілігрыма шэсць дзён вандравання сталі неверагоднай прыгодай, калі можна было выпрабаваць сябе, даведацца пра нешта новае, паразважаць над сваім духоўным жыццём, а таксама знайсці новых сяброў.

Вельмі радасна і натхняльна, што традыцыя пілігрымавання да Будслава аднавілася пасля каранавірусных абмежаванняў, па прычыне якіх пілігрымак не было два гады. Пра гэта казалі шматлікія ўдзельнікі іншых пілігрымак і таксама адзначалі іерархі падчас набажэнстваў. Будслаў гатовы прымаць пілігрымаў, нягледзячы на пажар, які адбыўся ў святыні ў 2021 годзе, і іншыя перашкоды.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Трэба каб былі укрыжаваныя разам з Езусам Хрыстом. Яго крыж з’яўляецца флагам і штандарам. Хто не хоча яго наследваць, не годзен быць яго вучнем

Св. Ян Боско