Субота, 02 Ліпень 2022 22:58

Шосты дзень СМЕПу: сустрэча з Маці Божай Будслаўскай

Аўтар

Шосты, апошні, самы хвалюючы дзень пілігрымкі. Праз 15 кіламетраў СМЕП21 увойдзе ў Будслаў і будзе вітаць Маці Божую Будслаўскую. Гэты дзень адначасова і радасны, і сумны. Радасны, таму што пілігрымы нарэшце дасягаюць сваёй мэты, а смутак выклікае той факт, што СМЕП павінен скончыцца.

Канферэнцыя адбылася ў вёсцы Баравікі. Тэма дня гучала так: “Любоў, якая паддаецца кіраванню". Ксёндз Артур распавядаў пра важнасць духоўнага кіравання. Галоўным і самым непасрэдным нашым духоўным кіраўніком з'яўляецца Дух Святы. Мы павінны паддавацца кіраванню, наша воля павінна заставацца з боку, з боку павінны заставацца і наш эгаізм.

Дух Святы дзейнічае ў нашым жыцці праз інструменты, якія дае Касцёл, і адным з такіх інструментаў з'яўляецца духоўны кіраўнік, якім можа быць святар альбо свецкая асоба.

Таксама святар распавёў як Францішак Сальскі шукаў для сябе духоўнага кіраўніка і як вельмі пільна падыходзіў да гэтага. Пасля святы Францішак і сам быў духоўным кіраўніком для велькай колькасці людзей, ад каралеўскай сям'і да простых сялян. Многія з тых, кім кіраваў біскуп Жэневы, пазней сталі святымі і благаслаўлёнымі. Адной з такіх святых стала Жанна Дэ Шанталь, з якой у Францішка была вельмі цесная духоўная сувязь. Увогуле, справа духоўнага кіраўніцтва была адной з галоўных спраў жыцця святога, да нашых дзён захавалася багатая карэспандэнцыя, якую вёў святы Францішак са сваімі падапечнымі і якая зараз з'яўляецца скарбам для ўсяго Касцёла.

У гэты дзень пілігрымаў чакаў таксама крыжовы шлях. Прайшоўшы ўсе стацыі, пілігрымы прыйшлі да крыжа, які ўсталявалі ў юбілейнай, 20 СМЕП.

Пасля адбыўся самы доўгачаканы момант, 85 чалавек з гучнымі спевамі і салезіянскай радасцю падышлі пад сходы будслаўскай святыні і прывіталі Маці Божую, склаўшы свае просьбы, падзякі і перапрашэнні.

У 18.00 адбылася святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У гаміліі святар адзначыў, што вельмі цешыцца аднаўленню традыцыі пілігрымак да Маці Божай пасля перапынку, выкліканага пандэміяй. Іерарх падкрэсліў, што сёлетнія ўрачыстасці праходзяць пад дэвізам "Каралева супакою, маліся за нас". Гэты заклік быў дададзены у ларэтанскую літанію сто год таму, калі адбывалася першая сусветная вайна. Нам таксама патрэбна гэта малітва, нам неабходна маліцца за мір у нашых сем’ях, нашых супольнасцях, у нашым грамадстве. Нам трэба маліцца аб супакоі. Касцёл змагаецца за мір праз малітву.
Таксама іерарх дадаў, што супакой - гэта знак фундаментальнага парадку, парушанага праз грэх. Але Валадарства Езуса з'яўляецца Валадарствам Супакою, мы павінны быць міратворцамі, павінны паважаць справядлівасць і змагацца за яе. І дапамагчы ў гэтай справе нам можа Найсвяцейшая Панна Марыя.

Сустрэча пілігрымаў у Будславе была вельмі сардэчнай, паўсюль былі відаць шчырыя ўсмешкі, і ў паветры адчувалася радасць ад таго, што традыя пілігрымавання нарэшце аднавілася.

#СМЕП21 завяршылася, заўтра пілігрымаў чакае галоўная святая Імша, пасля якой яны раз'едуцца па сваіх сем'ях, несучы блізкім і родным салезіянскую радасць і запал ад сустрэчы з Маці Божай.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Рэкалекцыі — гэта цудоўны сродак, каб разарваць пэўныя сувязі і нездаровае сяброўства.

Св. Ян Боско