Пятніца, 01 Ліпень 2022 19:05

Пяты дзень СМЕПу: разважанне аб шчасці і духоўная падрыхтоўка да ўрачыстасці ў Будславе

Аўтар

Раніцай пятага дня пілігрымы, сабраўшы свае рэчы, памаліўшыся, паснедаўшы і ўдзяліўшы мясцовым жыхарам бласлаўленне пілігрыма, з вясёлымі спевамі вырушылі наперад.

З рэчак СМЕП перайшла ў Касцяневічы, дзе іх сустракаў пробашч мясцовай парафіі Віталь Маргуноў. У Касцяневічах адбылася святая Імша. З навукай да пілігрымаў звярнуўся ксёндз Алег Каралёў SDB. Святар разважаў над сакрамэнтам споведзі і над тым эфектам, які на нас аказвае грэх. Шчасце чалавека залежыць не ад яго фізычных здольнасцяў, не ад таго, ці ляжыць ён у ложку, ходзіць сваімі нагамі, церпіць альбо не церпіць ад хваробаў. Шчасце чалавека залежыць ад таго, наколькі ён свабодны ад рознага роду залежнасцяў і граху. Ксёндз Алег пажадаў пілігрымам навучыцца быць свабоднымі і імкнуцца да сапраўднай свабоды.

Канферэнцыя адбылася таксама ў касцёле адразу пасля святой Імшы. Ксёндз Артур выказаў сваю заклапочанасць тым, што ў нашых касцёлах шмат пустых лавак, што парафіі малеюць, што толькі некаторыя святыні запаўняюцца вернікамі. Таму перад намі стаіць заданне Евангелізацыі. Мы ўсе атрымалі ад Бога заданне апостальства, мы павінны не маўчаць, а прапаведваць Слова Божае. Мы павінны бараніць сваю веру, сваіх іерархаў і сусветны Касцёл. Мы павінны быць таксама і пакорнымі ў сваім апостальстве, ісці да тых людзей, якія нас патрабуюць, і мець мудрасць пакінуць у супакоі тых, хто не жадае прымаць праўды веры.

У жыцці святога Францішка Сальскага апостальства Савоі і Жэневы было справай жыцця. У часы святога шматлікія каталіцкія храмы пераходзілі ў рукі пратэстантаў. Францішак адважна прапаведаваў каталіцызм у варожым асяроддзі і меў у гэтым дастатковы поспех. Але гэта не адбылося адразу, спатрэбіўся дастаткова доўгі час. На казанні да Францішка Сальскага спачатку прыходзіла па 5-8 асоб, але дзякуючы руплівай працы праз некаторы час іх было ўжо 800 і ўсе людзі не маглі змясціцца ў святыні. У рэшце рэшт настойлівасць Францішка ўчыніла Шабле каталіцкім регіёнам. Такой настойлівасці Касцёл сёння патрабуе і ад нас.

Пасля Імшы і канферэнцыі ўдзельнікі СМЕП спажылі смачны абед і вырушылі далей, на наступным прыпынку адбылася праца па пакоях.

Наступны пераход прывёў СМЕП у вёску Крывічы, дзе пілігрымка і засталася на начлег. Вечарам таксама адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, СМЕП перажыў асабістую сустрэчу з Панам, каб узгадаць свае інтэнцыі і лепш падрыхтавацца да будучай урачыстасці, бо ўжо заўтра пілігрымы будуць у Будславе.

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Калі чыніш дабро ці змагаешся са спакусамі, даверся Марыі, каб быць гатовым на прыніжэнне, патаптанне чалавечай годнасці і, таксама, на цярпенне

Св. Ян Боско