Чацвер, 30 Чэрвень 2022 20:13

Чацвёрты дзень СМЕПу: урачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла і навальніца пясля спякоты

Аўтар

Чацвёрты дзень у СМЕП для пілігрымаў распачаўся са святой Імшы. У гэтым годзе ў Вілейцы сустрэлася дзве пілігрымкі: салезіянская і капуцынская.

На чацвёрты дзень пілігрымкі прыпала ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, Эўхарыстыю ўзначаіў Аляксандр Астраушка OFMCap. Казанне для пілігрымаў прамовіў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB. Разважаючы над асобамі апосталаў Пятра і Паўла, святар падкрэсліў, што яны не былі ідэальнымі і найлепшымі, але Бог выбраў іх. Пётр і Павел змаглі стаць у праўдзе перад сабою, дазволілі Богу кіраваць сваім жыццём. Хочацца, каб і мы былі праўдзівымі як Пётр і Павел, рабілі нешта не дзеля Бога, але разам з Богам! “Таму няхай гэтыя два святыя, Пётр і Павел, будуць для нас добрым прыкладам, а Езус кіруе нашым жыццём”, - пажадаў усім прысутным дэлегат.

Тэма чацвёртага дня пілігрымкі гучала так: “Любоў, якую хочацца ведаць і паглыбляць”, а сімвалам дня была кніга.

У гэты дзень надвор'е ўнясло карэкціроўкі ў распарадак дня пілігрымаў - пасля трох дзён неймавернай спякоты нас чакала моцная навальніца раніцай у Вілейцы. Таму канферэнцыя адбылася ў касцёле адразу пасля св. Імшы.

Рэкалекцыяніст адзначыў, што мы не павінны засяроджвацца толькі на сваіх прагненнях, на сваіх планах, але глядзець шырэй, заўважаючы патрэбы сусветнага Касцёла. Часта мы імкнемся да нейкіх падзей на нашым лакальным узроўні, але не суадносім гэта з тэндэнцыямі ў агульнай Царкве. Мы павінны развівацца, вывучаць Езуса, Якому давяраем, цікавіцца і давяраць тым настаўнікам, якіх Бог паставіў на нашым шляху. Трэба навучыцца паглыбляць сваю веру, пераходзячы на наступны ўзровень у школе Езуса Хрыста. Езус таксама патрабаваў гэтага ад апосталаў, тлумачыў ім, навучаў, правакаваў на дыскусіі, жадаў запаліць у іх прагу пазнання.

А як мы самі ставімся да пазнання Бога? Нашыя размовы паміж сабою насычаны рознымі цікавымі рэчамі: хто і каму забіў гол на чэмпіянаце, якія ў нас планы, што адбываецца на працы і г.д.. А як часта мы размаўляем пра Бога? Як часта мы дзелімся сваімі рэлігійнымі перажываннямі?

Ксёндз Артур таксама распавёў як моцна святы Францішак Сальскі любіў вучыцца і заўсёды імкнуўся паглыбляць свае веды. І таксама змагаўся за адукацыю вернікаў, лічыў вельмі важным, каб людзі ведалі і разумелі асноўныя праўды каталіцкай веры. Будучы біскупам, святы Францішак прыкладаў намаганні, каб справа адукацыі вернікаў закраналася на ўзроўні сусветнага Касцёла.

Таксама традыцыйна святар пакінуў тры канкрэтныя пункты:

калі некага люблю, то пазнаю яго,

мае веды аб аб’екце любові сведчаць аб глыбіні маіх пачуццяў,

высілак вывучэння Бога – маё “я цябе таксама люблю” у Яго адрас.

Пасля канферэнцыі СМЕП зрабіў пераход у Куранец, дзе адбылася праца па пакоях і таксама абед.

Прышоўшы ў Рэчкі, пілігрымы змаглі памыцца ў лазні, а потым адбыўся вясёлы вечар для жыхароў вёскі, падчас якога таксама віншавалі ксяндза Паўла і пілігрыма Паўла з імянінамі. Калі вяселы вечар завяршыўся, пілігрымы ў малітоўнай працэсіі перайшлі да мясцовай царквы, якую жыхары вёскі ўжо адбудавалі пасля пажару. У справе аднаўлення святыні салезіяне таксама прынялі ўдзел, яны збіралі ахвяру ў некаторых парафіях.

Пасля слоўка на добрую ноч усе разышліся адпачываць па сваіх намётах, каб набрацца сіл. Будслаў усё бліжэй!

Фотагалерэя

Апошнія навіны

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог не глядзіць на род працы, Ён звяртае ўвагу на мэта таго, хто яе выконвае. Бо ўсе заняткі аднолькава высакародныя, таму што аднолькава выглядаюць у вачах Бога.

Св. Ян Боско