Нядзеля, 26 Чэрвень 2022 07:43

Дыякан Міхаіл Радзевіч SDB атрымаў святарскае пасвячэнне

Аўтар

25 чэрвеня 2022 года у смаргонскай парафіі святога Міхала Арханёла дыякан Міхаіл Радзевіч SDB атрымаў святарскае пасвячэнне. Сакрамэнт удзяліў шаноўны Мітрапаліт на пенсіі Яго Эксцэленцыя Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На радасную падзею сабралася ўся салезіянская сям’я Беларусі: святары салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі. Таксама на свяце прысутнічалі святары з іншых манаскіх супольнасцяў, родныя і сябры дыякана, шматлікія вернікі, якія добра ведаюць Міхаіла, і, канешне, дзеці і моладзь. 

З уступным словам да прысутных перад пачаткам Эўхарыстыі звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Ён прывітаў дыякана Міхаіла, біскупа Тадэвуша, сабратоў салезіянаў, святароў, усю салезіянскую сям’ю і моладзь, а асаблівым чынам сям’ю і родных дыякана Міхаіла. Кс. Павел адзначыў, што сёння ўсе стануць сведкамі вельмі радаснай, але, нажаль, вельмі рэдкай у апошні час падзеі – нараджэння новага святара. Таксама настаяцель запрасіў біскупа ахвяраваць гэтую святую Імшу ў інтэнцыі сабрата Міхаіла Радзевіча, просячы для яго Божага благаслаўлення і апекі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў на яго салезіянскім і святарскім шляху служэння.

Пасля Божага Слова дэлегат засведчыў перад біскупам і народам, што супольнасць лічыць дыякана Міхаіла годным прыняцця сакрамэнту святарства.

У сваёй гаміліі біскуп Тадэвуш адзначыў, што сённяшняя падзея сведчыць аб вялікай міласэрнасці Бога да нас, бо яшчэ трыццаць год таму на гэтым месцы не было ніводнага святара, а касцёл быў зачынены. Зараз жа тут служыць цэлая салезіянская супольнасць і яшчэ адзін сын смаргонскай зямлі мае ласку далучыцца да кагорты працаўнікоў на ніве Панскай. Іерарх падзякаваў сям’і дыякана Міхала за выхаванне, парафіяльнай супольнасці - за падтрымку і малітву падчас падрыхтоўкі да святарства. Прымаючы прэзбітарскае пасвячэнне, чалавек не змяняецца фізічна, не змяняюцца рысы ягонага характару, але ад гэтага часу ён мае моц перамяняць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста, а таксама можа адпускаць грахі, ён становіцца другім Хрыстом! Арцыбіскуп адзначыў, што, становячыся святаром, чалавек прымае на сябе заданне абвяшчаць Божае Слова, якое чыніць цуды, якое перамяняе жыццё і робіць святымі грэшнікаў. Наступным заданнем для святара з’яўляецца асвячэнне людзей праз цэлебрацыю сакрамэнтаў, бачных знакаў, праз якія мы атрымліваем нябачную Божую Ласку. Трэцяе заданне святара - кіраваць народам Божым, кіраваць у служэнні, каб разам будаваць Божае Валадарства.

Біскуп папярэдзіў Міхаіла, што спакусы гэтага свету не абмінуць яго, што да яго прыдуць шматлікія цяжкасці. “Але ўсё гэта можна перамагчы малітвай, усё гэта можна перамагчы абсалютным даверам да Езуса Хрыста, Які цябе паклікаў, Які цябе праз паслугу біскупа ўстанаўлівае святаром новага запавету”, – падбадзёрыў дыякана іерарх.

Таксама біскуп Тадэвуш адзначыў, што дыякан Міхаіл становіцца святаром у асаблівы час, калі салезіянскае таварыства на Беларусі адзначае стагоддзе сваёй прысутнасці. Іерарх пажадаў, каб святары салезіяне, якія неслі сваю паслугу на нашых землях на працягу гэтых сто год, сталі сапраўдным прыкладам для неапрэзбітэра. 

“Памятай аб тым, да якой годнасці сёння Езус Хрыстус вядзе цябе, памятай аб тых абавязках, якія Бог ускладае на цябе, памятай аб тых складанасцях, з якімі давядзецца спаткацца, але памятай і аб тым, што калі Бог з намі, то хто супраць нас! Няхай споведзь, няхай шчырая малітва, няхай апека Марыі Успамогі Хрысціянаў дапамогуць табе вытрываць у гэтым пакліканні, у служэнні як законніка і як святара, вытрываць у служэнні паводле харызмы святога Яна Боско, каб салезіянская супольнасць дзякуючы твайму служэнню стала яшчэ мацнейшай. Каб яна была на пярэдняй лініі фронту адраджэння нашай веры на Беларусі і каб Беларусь стала нанова крыніцай жывой хрысціянскай каталіцкай веры і вяла ўсіх людзей да збаўлення, Амэн!” - такімі славамі біскуп завяршыў сваю гамілію.


Пасля наступіў кульмінацыйны момант пасвячэння ў прэзбітэрскі стан: дыякан перад усімі сабранымі вернікамі выказаў намер выконваць абавязкі святара згодна з навукай Хрыста і Касцёла. Міхаіл падышоў да біскупа і ўклаў свае складзеныя рукi ў ягоныя далоні. Гэты жэст падкрэслівае цалкавітае адданне сваёй волі ў рукі Святой Маці-Касцёла. Затым дыякан Міхаіл лёг ніцма перад алтаром, а ўсе прысутныя прамовілі словы літанii да жыхароў неба, просячы аб заступніцтве ўсіх святых для новага святара. Калі завяршылася літанiя, біскуп усклаў свае рукі на галаву кандыдата, за ім гэты жэст паўтарылі ўсе прысутныя святары. Ускладанне рук з’яўляецца момантам пераказання Духа Святога новаму прэзбітэру. Далей біскуп прачытаў кансэкрацыйную малітву, пасля чаго ўжо ксёндз Міхаіл Радзевіч SDB апрануў стулу і арнат і заняў месца сярод сваіх сабратоў каля алтара, каб цэлебраваць першую ў сваім жыцці Эўхарыстыю.

Пасля святой Імшы сабраныя віншавалі новага святара. Ад імя ўсіх сабратоў салезіянаў прамовіў дэлегат кс. Павел Шчарбіцкі SDB. Ён пажадаў свайму сабрату быць сапраўдным мужчынам на сваім святарскім шляху, жыць па правілах і ісці да пастаўленых мэтаў, збіраючы маленькія перамогі. “Няхай прыкладам для цябе будзе наш заснавальнік, св. Ян Боско, які не зрабіў ніводнага кроку, не прамовіў ніводнага слова, не прыклаў рукі ні да якой справы, якія б не былі скіраваныя на збаўленне моладзі!” – пажадаў настаяцель.

Павіншавалі новага святара таксама сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, суполка ADMA, моладзь, а таксама родныя і блізкія.

Узяў слова і ксёндз Міхаіл. Ён падзякаваў Богу за дар паклікання, бацькам і родным за выхаванне ў праўдах веры, біскупу Тадэвушу за ўдзелены сакрамэнт і сапраўдны прыклад святарскага жыцця, сабратам салезіянам, якія дапамагалі і выхоўвалі яго падчас фармацыі, таксама сёстрам салезіянкам і ўсёй салезіянскай сям’і.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Пан Бог не глядзіць на род працы, Ён звяртае ўвагу на мэта таго, хто яе выконвае. Бо ўсе заняткі аднолькава высакародныя, таму што аднолькава выглядаюць у вачах Бога.

Св. Ян Боско