Пятніца, 27 Май 2022 19:17

24 мая салезіянская сям’я Смаргоні адзначыла свята Марыі Успамогі Хрысціянаў

Аўтар

Хто давярае Марыі, той ніколі не будзе расчараваны Кс. Я.Боско

У цыкле святаў салезіянскай сям’і адным з самых значных з’яўляецца ўрачыстасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якое згодна з пастановай Папы Пія VII прыпадае на 24 мая. Менавіта Марыю Успамогу Хрысціянаў абраў св. Ян Боско галоўнай апякункай салезіянскай сям’і.

Вернікі парафіі святога Міхала Арханёла ў Смаргоні распачалі ўрачыстасць адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Кс. Боско вучыў заўсёды звяртацца да Марыі, заклікаючы: “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас”. Святы лічыў такую кароткую малітву вельмі эфектыўнай. Таму падчас адарацыі, працягваючы шматгадавую традыцыю, вернікі Смаргоні маліліся да Найсвяцейшай Маці, тысячу разоў заклікаючы “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас”. Гэта малітва сапраўды здзяйсняла і працягвае здзяйсняць цуды, бо выпрошвае праз заступніцтва Марыі вельмі патрэбныя ласкі.

Кульмінацыяй урачыстасці стала святая Імша, якую ўзначаліў пробашч парафіі ксёндз Павел Щарбіцкі SDB. У гаміліі цэлебрант падзяліўся думкамі і словамі святога Яна Боско аб важнасці малітвы да Марыі Успамогі Хрысціянаў. “Той, хто даваряае сябе Марыі падчас падрыхтоўкі да свята Марыі Успамогі і праз усё сваё жыццё, атрымлівае ад Найсвяцейшай Маці шматлікія ласкі. Маці Божая паўстае у думках святога як вялікае войска нябеснае, якое зрынае ворагаў хрысціянства. Таму варта быць рашучымі і дзейснымі, заўжды быць з Марыяй, давяраць ёй і яе матчынай любові. Маліцеся самі і вучыце кароткай малітве сваіх родных і блізкіх. Клічце заўсёды Маці Божую, ва ўсе часы, калі маеце якую патрэбу, маліцеся да яе. Помніце, кароткая, але вельмі моцная малітва “Марыя Успамога Хрысціянаў, маліся за нас” робіць д’ябла банкрутам, і выратоўвае нашыя душы”, - з такімі словамі звярнуўся кс. Павел да прысутных.

Падчас святой Імшы члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA) аднавілі свае абяцанні, згодна з якімі стараюцца распаўсюджваць набажэнствы да Марыі Успамогі і пашану да Найсвяцейшага Сакрамэнту. 

Таксама вернікі ўзносілі падзяку Пану Богу і Марыі Успамозе за прысутнасць і працу ў парафіі “жывога помніка” удзячнасці Марыі – сясцёр салезіянак. 

Пасля святой Камуніі салезіяне, сёстры салезіянкі, члены АДМА і салезіяне супрацоўнікі – усе чатыры галіны салезіянскай сям’і з нашай парафіі аддадлі сябе пад апеку Марыі Успамогі Хрысціянаў, просячы, каб Яна заўсёды апекавалася імі і ўсімі, каго Бог ставіць на іх шляху.

Працягам ўрачыстасці стала працэсія з фігурай Марыі Успамогі і ружанцовай малітвай вакол святыні. 

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Старайся, каб тыя, пра каго гаворыш, станавіліся тваімі сябрамі.

Св. Ян Боско