Чацвер, 26 Май 2022 01:00

З’езд салезіянскіх міністрантаў і парафіяльны адпуст у Бараўлянах

Аўтар

20-22 мая ў Бараўлянах адбыўся агульнабеларускі з’езд міністрантаў з салезіянскіх прысутнасцей. Міністранты, лектары і кандыдаты прыехалі на сустрэчу з Мінска, Жупранаў, Смаргоні, Дзятлава і саміх Бараўлянаў. Удзел у з’ездзе ўзялі таксама прадстаўнікі літургічнай службы алтара парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, якія прыехалі з с. Марыяй Емельянчык ОР. Усіх хлопцаў было 65.

20 мая міністрантаў чакала вячэра, падрыхтаваная салезіянамі супрацоўнікамі з Бараўлянаў, і інтэграцыйны вечар. Падчас вечара хлопцы мелі магчымасць пазнаёміцца, а таксама прадставіць сваю парафію. Кожная парафія падрыхтавала ў якасці прывітання сцэнку, крычалку альбо відэа. Пасля знаёмства міністранты ўзялі ўдзел у маёвым набажэнстве, а потым праглядзелі супольна фільм “Бэн-Гур”, які пазней абмеркавалі. Міністрантаў у гэты дзень наведаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. 

21 мая распачалося супольнай зарадкай. Дзень быў вельмі насычаны. Міністранты і кандыдаты мелі па два блокі фармацыі. Кс. Артур Ляшнеўскі SDB і кл. Міхаіл Вішнеўскі SDB раскрылі сабраным наступныя тэмы: “Гісторыя табернакулюма”, “Марыя ў літургіі”, “Літургічныя працэсіі”, “Сакрыстыя – для чаго і што там павінна быць”.  Перад абедам сярод міністрантаў і кандыдатаў былі праведзены спаборніцтвы па міні-футболе. Сярод міністрантаў першае месца занялі Баранавічы, другое - Мінск, трэцяе - Жупраны. Сярод кандыдатаў першае месца заняў Мінск, другое  занялі Жупраны, трэцяе - Смаргонь. 

Пасля абеда хлопцы прынялі ўдзел у інтэлектуальных спаборніцтвах на веданне літургіі. У гэтых спаборніцтвах сярод міністрантаў першае месца заняў Антон Нарковіч (Мінск), другое Раман Баршчэўскі (Смаргонь), трэцяе Павел Найдзіч (Смаргонь). Сярод кандыдатаў пераможцам стаў Мацвей Венславовіч (Мінск), другое месца заняў Яраслаў (Смаргонь), трэцяе - Арцём Дарашэвіч (Мінск). У гэты дзень хлопцы таксама ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі і адмысловай адарацыі, падчас якой мелі магчымасць паспавядацца. Вечарам хлопцаў чакаў вясёлы вечар, падчас якога было шмат гульняў і конкурсаў, а на канец было праведзена урачыстае ўзнагароджванне пераможцаў.

22 мая парафіяльная супольнасць Маці Божай Успамогі Хрысціянаў святкавала парафільны адпуст. Госцем гэтай урачыстасці быў бп. Юрый Касабуцкі, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які ўзначаліў адпустовую ўрачыстасць. Біскупа ўрачыста сустрэлі каля галоўнай брамы, пасля працэсійна ад араторыя да капліцы біскуп з міністрантамі і святарамі прайшоў да алтара святыні. На ўрачыстасці прысутнічалі кс. Віктар Гайдукевіч SDB, рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі, кс. Казімір Шыдэлко SDB, пробашч парафіі, кс. Юзаф Занеўскі SDB, пробашч у Жупранах, кс. Артур Ляшнеўскі SDB, вікарый у Мінску. 

Падчас казання бп. Юрый нагадаў прысутным, што Марыя заўсёды блізка нас і гатовая прыйсці на дапамогу, як гэта зрабіла ў Кане Галілейскай. Таксама іерарх падкрэсліў важную ролю міністрантаў, якія пасля святара знаходзяцца бліжэй за ўсіх да Бога ў святыні. Падчас урачыстасці ў працэсіі з дарамі парафіяне прынеслі ў дар прыгожую чырвоную капу, а таксама фігуру св. Роха. Фігура напрыканцы Імшы была асвечана бп. Юрыем і ўсталявана ў бочным алтары капліцы. Бараўлянская парафія гэтым жэстам пачынае культ гэтага святога. Св. Рох з’яўляецца ў Касцёле апекуном цяжка хворых і заступнікам падчас пандэмій. У Бараўлянах многа бальніц, а значыць і многа хворых, таму прысутнасць і заступніцтва гэтага святога тут вельмі патрэбна.

У канцы ўрачыстасці адбылася тэафарычная працэсія вакол араторыя і парафіяльнай капліцы. Удзельнікі з’езда радасна заспявалі “Te Deum”, пасля чаго зрабілі памятны фотаздымак і адправіліся на супольны абед.

Фотагалерэя

Думкі ксяндза Боско

Езус Хрыстус узышоў да неба і сказаў: “Я іду падрыхтаваць Вам царства”. Калі мы маем царства, прыгатаванае ў небе, павінны прымаць за марнасці рэчы гэтага свту. Гэта вялікае чуцяшэнне для нас,  што мы маем ужо прыгатаванае мейсца для нас.

Св. Ян Боско