Распачаліся місіі ў нядзелю 8 мая, пробашч парафіі ў Бараўлянах ксёндз Казімір Шыдэлко SDB перадаў місіянерам ключы ад касцёла і стулу, як сімвал улады ў парафіі. Пробашч таксама даручыў святарам сваю паству, просячы аб духоўным аднаўленні для бараўлянскай парафіяльнай супольнасці.
Праграма місій была дастаткова насычанай, кожны дзень адбываліся набажэнствы з канкрэтнай тэматыкай, звязанай паміж сабою і накіраванай на аднаўленне і ўзбагачэнне адносін чалавека з Богам.
Вернікі перажылі набажэнства Крыжовага шляху, адарацыі Крыжа, перапрашэння за грахі, сакрамэнт споведзі, аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, малітву за хворых людзей, малітву за сем’і, цяжарных жанчын і дзяцей. Кожная Эўхарыстыя распачыналаяся з запальвання пасхала, які сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, а ўвечары усе сустракаліся на асаблівым набажэнстве пад назвай “Марыйны заклік”, падчас якога вернікі слухалі сведчанне пра міласэрнасць Маці Божай, маліліся на святым ружанцы і спявалі Марыйныя спевы.
Завяршыліся Святыя місіі ўрачыстай святой Імшой у нядзелю, падчас якой адбылося асвячэнне місійнага крыжа, а таксама ўсіх крыжоў, якія з сабой прынеслі парафіяне. Усе ўдзельнікі Святых місій пры выкананні неабходных умоў змаглі атрымаць поўны адпуст.
Напрыканцы парафіяне і пробашч падзякавалі місіянерам за час адновы, Слова Божае, навуку і служэнне на працягу гэтых васьмі дзён. Ксяндзы рэдэмптарысты ў сваю чаргу падзякавалі ксяндзу Казіміру, ксяндзу Віктару Гайдукевічу SDB, сястры Дар’і Еўтухоўскай FMA, а таксама ўсім парафіянам за добрыя словы і гасціннасць.