Спектакль паказалі на сцэне моладзевага араторыя імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі святога Міхала Арханёла. Гэта ўжо другое прадстаўленне спектакля.
Салезіянская сям’я Мінска з нагоды трываючага юбілею прысутнасці салезіянаў на Беларусі стварыла адмысловы гістарычны спектакль-драму пра мала каму вядомага мучаніка нашай зямлі кс. Уладзіслава Вячорка SDB.
Кс. Уладзіслаў Вячорэк нарадзіўся 2 красавіка 1903 года ў Малой Туры каля Рыбніка (Польшча). Вучыўся ў нямецкай школе ў Ядлоўніку. Працаваў на шахце па здабычы каменнага вугля. Скончыў Дзяржаўную настаўніцкую семінарыю ў Вэнграве. Вучыўся ў школе ў Бзе.
Пачуўшы голас паклікання, вырашыў стаць духоўным сынам ксяндза Боско. Салезіянскі навіцыят праходзіў у 1925–1926 гадах у Чэрвінску. 26 верасня 1926 года склаў першыя манаскія абяцанні. Пасля вучыўся ў Кракаве, а 26 верасня 1929 года склаў вечныя манаскія абяцанні. Як клерык выехаў на місію ў Кітай, але па прычыне праблем са здароўем вярнуўся ў Польшчу.
Святарскае пасвячэнне прыняў 21 чэрвеня 1936 года ў Кракаве з рук біскупа Станіслава Распонды. Працаваў катэхетам у салезіянскім цэнтры на вул. Добрай Рады ў Вільні, а пасля такую ж пасаду заняў у рамеснай школе ў Дварцы (сучасная Дзятлаўшчына). Пасля таго як савецкая ўлада ліквідавала дом у Дварцы, выехаў у Вільню і стаў кіраўніком сталярнай школы. Адклікнуўся на просьбу арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага і прыняў удзел у “місіі Усход”.
Працаваў у Барысаве, Зембіне, Параф’янаве. 29 чэрвеня 1942 года быў арыштаваны гестапа за душпастырскую і катэхетычную дзейнасць і пасаджаны ў турму ў Беразвеччы. Расстраляны з групай святароў і свецкіх вернікаў 4 ліпеня 1942 года ў Барку каля Беразвечча.
Гэты спектакль, як сцвярджае рэжысёр-пастаноўшчык кс. Артур Ляшнеўскі SDB, з’яўляецца данінай павагі і памяці гэтаму святару-мучаніку. “Я вельмі рады, што гэты спектакль убачылі людзі і праз гэта даведаліся пра кс. Уладзіслава, майго сабрата. Я моцна веру, што калісьці ён будзе беатыфікаваны, я ўжо малюся праз яго заступніцтва”, – дадаў кс. Артур.
СПАСЫЛКА НА ВІДЭА: